*Стубла, сту́бло ‘невялікая ўпадзіна на балоце, дзе летам не высыхае вада’ (івац., Нар. сл.)’ ‘бяздонная яма ў балоце’ (івац., ЖНС), ‘вялікая гразь у час разводдзя’ (стаўб., Сл. ПЗБ), ‘невялікі вадаём’ (Сл. Брэс.; івац., ЛА, 2), ‘тоўстая кабета’ (стол., Вярэніч, вусн. паведамл.). Фасмер (3, 786) прыводзіць яшчэ гідронімы Стубель ‘левы прыток Гарыні’, Сту́бла ‘правы прыток Стыра’; гл. таксама мікратапонім Сту́бло ‘вадапой на балоце’ (пін., Мікратапанімія Бел., 229). Укр. сту́бла звязана з серб.-ц.-слав. стубль ‘крыніца’, чэш. zbel, таксама zbelík, ст.-чэш. stbel ‘крыніца, калодзеж’, серб.-харв. сту́блина ‘калода, выдзеўбанае дрэва’, славен. stúblo ‘трубка з суцэльнага ствала дрэва’, балг. сту́бел ‘пустое дрэва, зруб калодзежа’, дыял. сту́бла ‘крыніца, вада з якой выцякае праз ствол згніўшага дрэва’, ‘выдзяўбаная калода ў крыніцы ў якасці рэзервуара’. Махэк₂ (712) першасную форму ўзнаўляе прыблізна як *stъbъlъ і *stubъlъ і роднасным лічыць ням. Stubbe ‘пень’; ён заўважае, што ў старыя часы калодзежы рабіліся так, што ў крыніцу ўстаўлялі выдзеўбаны, добра насычаны смалою пень, у якога адразалі карані. Фасмер (3, 786) першасным значэннем лічыць ‘зруб калодзежа, карыта’ і роднасныя бачыць у ст.-ісл. stubbr ‘ствол дрэва’, stubbi ‘пень’, с.-в.-ням. stubbe ‘пень’, грэч. στύφω ‘раблю трывалым’. Гл. таксама Кіпарскі, Gemeinslav., 40; Будзішэўска, ЕЛ, 33, 6, 112–114; Скок, 3, 351–352; ЕСУМ, 5, 456.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)