Стварэ́нне ‘жывая істота, усё жывое’ (ТСБМ, Ласт., Гарэц., Касп., Сл. ПЗБ, Стан., Сержп. Прымхі). Ужыванне назоўніка стварэ́нне ‘тварэнне, твор’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Стан.) ад дзеяслова ствары́ць (гл. тварыць) у спецыяльным значэнні ‘створанае Богам’. Параўн. польск. stworzenie з аналагічным значэннем, якое, згодна з Сяткоўскім (Басай-Сяткоўскі, Słownik, 347), лічыцца семантычным багемізмам. Запазычаннем з чэшскай лічыцца польск. stworzyciel ‘тварэц’ (там жа), параўн. таксама ствары́цель ‘тс’ (Нас., Ласт., Гарэц., Стан.), укр. створи́тель ‘тс’, старое макед. створител ‘тс’. Як самастойныя ўтварэнні можна разглядаць створы́цца ‘зрабіцца’ (ТС), стварэ́нне ‘твар, вобраз, выгляд’; стварэння ні знаіць (пра бруднага, замурзанага) (Скарбы), стварэ́нец ‘чалавечая істота’ (Стан.), стварэ́ц ‘творца’ (Ласт.), створ ‘твор’ (Гарэц.).
Ствол ‘надземная частка дрэва ад каранёў да верхавіны’, ‘сцябло’, ‘камель’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Сцяшк., ТС, Сл. ПЗБ), ‘цэнтральны корань у дрэве’ (ТС), ствалі́на ‘руля (у стрэльбе)’ (Нік. Очерки), цвол ‘тс’ (там жа), ство́льны ‘сцяблісты’ (Бяльк.). Рус. ствол ‘тс’, ц.-слав. стволие ‘крапіва’, в.-луж. stwółk ‘сцябло’, н.-луж. stwoł ‘сабачая пятрушка’, чэш. stvol ‘сцябло’, славен. stvȍl ‘асака’, серб.-харв. цво̀лика ‘сцябло цыбулі’, балг. дыял. ствол ‘балігалоў’, цвол ‘сцябло’. Выводзяць з *stьbolъ, якое роднаснае сцябло (гл.). Гл. Міклашыч, 327; Младэнаў, 608; Махэк₂, 591; Шустар-Шэўц, 1373; Фасмер, 3, 749 з іншай літ-рай; Дзімітрова–Тодарава, Этимология–2003–2005, 49–50. Сюды ж, відаць, ство́лак ‘вільчык, сасновы кругляк’ (Пятк. 1) — ад сво́лак ‘вільчык’ пад уплывам ствол.
Стволля ‘маркоўнік лясны, Anthriscus Hoffm.’ (смаг., Кіс.), ствольны цвет ‘тс’ (віц., Ан.; Кіс., 16). Рус. смал., пск., цвяр. ствол, стволья ‘дзягіль’. Да ствол (гл.). Мяркулава (Очерки, 67) прыводзіць аналагічныя назвы ням. Stengel, Tufen.
Ство́рка ‘кожная з дзвюх рухомых палавінак дзвярэй, аканіц, варот і пад.’ (ТСБМ), створ ‘зачыненне (дзвярэй, вакон)’, ство́рчысты ‘створкавы’ (Нас.). Сюды ж створ ‘частка прасторы, абмежаваная стойкамі, перакладзінамі’, ‘створка’ (ТСБМ). З рус. ство́рка, створ ‘тс’, як і ўкр. створ (гл. ЕСУМ, 5, 404). Гл. затвор.