Затво́р ’канструкцыя для закрывання і адкрывання апаратуры’ з рус. затвор ’тс’. Параўн. укр. затвор ’тс’, польск. zatwór ’прыстасаванне для замыкання’, чэш. zátvor ’прыстасаванне для закрыцця’, ’зняволенне’, славац. zátvor ’засаўка’, ’забарона распараджацца маёмасцю’, ’зняволенне’, славен. zatvór ’замок, затвор у млыне’, серб.-харв. за́твор ’турма’, ’закрыванне’, балг. затво́р ’турма’, ’частка агнястрэльнай зброі’. Ст.-слав. затворъ ’замок, засаўка’. Ст.-рус. затворъ, затвора ’замок, засаўка’, ’асада, турма, прабыванне ў турме’, ’дзверы, вароты’. Спецыялізацыя значэння адбывалася, відаць, у рус. мове, хаця агульная база яго была ўжо ў прасл. Прасл. zatvorъ утворана з чаргаваннем галоснага ад zatverti, дзе ‑t‑ адцягнена ад otverti, а корань ver‑ той самы, што ў верая (гл.). Фасмер, 2, 82; Шанскі, 2, З, 67–68.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)