Сцеп ’стэп, бязлесная роўная мясцовасць’ (Бяльк., Косіч, ТС), степ ’тс’ (Растарг.). Гл. стэп; формы з цеканнем, магчыма, сведчаць пра архаічны характар слова, у сувязі з чым уяўляе цікавасць алб. step ’вострая вяршыня; вяршыня скалы’, якое Арол (Этимология–1983, 140) разглядае як доказ існавання ў паўднёваславянскім арэале адпаведніка прасл. *stьpь ’гара, узвышша’, што ўзгадняецца з перанесеным анатамічным тэрмінам прасл. *stьpь ’спіна’ (Куркіна, Этимология–1983, 24); паводле Борыся (Etymologie, 408), зыходнае значэнне для славянскіх лексем ’штосьці крутое, застыўшае, цвёрдае’. Гл. і сцяна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)