Стро́гі ‘патрабавальны, сур’ёзны, суровы’, ‘правільны, адпаведны норме’ (ТСБМ), ‘чуйны; асцярожны, ашчадны’ (Нас.), ‘патрабавальны; ашчадны, асцярожны’ (Байк. і Некр.), ‘патрабавальны’ (брасл., смарг., Сл. ПЗБ), ‘асцярожны, акуратны’ (Юрч. Вытв.), ‘суровы, дакладны, вытрыманы’ (ТС), стро́га ‘асцярожна’ (Бяльк.), ‘вытрымана, сціпла’ (ТС); сюды ж сро́гі ‘патрабавальны; суровы’, сро́га ‘патрабавальна’ (Ласт.). Параўн. укр., рус. стро́гий, польск. srogi ‘бязлітасны, жорсткі’, дыял. strogi ‘тс’, чэш., славац. strohý, серб.-харв. стро̏г, славен. strọ̑g, балг., макед. строг. Заходне- і паўднёваславянскія формы лічацца запазычаннем з рускай або ўкраінскай; гл. Младэнаў, 612; Торб’ёрнсан, Liquid., 1, 30; Голуб-Копечны, 355. Рускае стро́гий, на думку Шахматава (Очерк, 155), Праабражэнскага (2, 399), запазычана з польск. srogi ‘грозны’; уся гэта група слоў набліжаецца да стораж, сцерагчы. Бязлай (3, 331) мяркуе, што ў гэтым выпадку ст.-слав. срагъ ‘грозны, страшэнны’ сведчыла б аб прасл. *sorgъ, роднасным літ. sir̃gti ‘быць хворым’, тах. А särk, тах. B sark ‘хваравіты’, ст.-в.-ням. sorga ‘смутак’. Іншая версія — роднасць з с.-н.-ням. strak (strack) ‘жорсткі, тугі’, нарв. strak, strakk ‘тугі, нацягнуты, прамы’, літ. stregti ‘застываць’, лат. strēǵele ‘лядзяш’ (Зубаты, Studie, 2, 171; Мюленбах-Эндзелін, 3, 1080) з рэканструкцыяй у гэтым выпадку прасл. *strogъ, якое Бязлай (там жа) узводзіць да і.-е. *strogo‑ < *(s)treg‑ ‘цвярдзець, быць цвёрдым, жорсткім’. Гл. таксама Фасмер, 3, 779–780; Глухак, 589; ЕСУМ, 5, 448.