Сцерагчы́ ’берагчы, пільнаваць, вартаваць’, ’уважліва сачыць’, ’падпільноўваць’, ’засцерагаць’ (ТСБМ, Ласт., Федар. 4, Сержп. Прымхі), сьцярэ́жч, сьцярэ́ч ’тс’ (Бяльк., Мат. Маг.), сцерэгці́ ’тс’ (ТС), сцяро́гць (стярогть) ’тс’ (Шн. 2); сюды ж сцеражо́ны ’асцярожны’ (Нас., Варл.), сцеражны́ ’тс’ (мядз., Сл. ПЗБ), ст.-бел. стеречи ’сцерагчы’ (Карскі 2-3, 277; Альтбаўэр). Укр. стеречи́, рус. стере́чь, стараж.-рус. стеречи, польск. strzeć ’сачыць, захоўваць’, в.-луж. wostregajuczy (wostrjegajucy) ’вартуючы’, ст.-чэш. střieci, чэш. stříci, славен. strẹ́čі ’сцерагчы, вартаваць’, ст.-слав. стрѣгѫ, стрѣшти ’сцерагчы, сачыць, назіраць’. Прасл. *stergti, *stergǫ тлумачылі як кантамінацыю дзвюх асноў, якія прадстаўлены ў грэч. στέργω ’люблю’ і ст.-літ. sérgmi ’сцерагу’, літ. sérgiu, sérgiti ’тс’, sárgas ’стораж’, лат. sar̂gât ’вартаваць’; гл. Мюленбах-Эндзелін, 3, 716; Младэнаў, 611; Фасмер, 3, 757. Іншыя (Траўтман, 257; Міклашыч, 293; Махэк₂, 587; Сольмсен, AfslPh, 24, 577) набліжаюць славянскае слова толькі да балцкіх слоў, што праблематычна ў фанетычных адносінах; гл. Бязлай, 3, 325–326. Борысь (583) узводзіць да і.-е. *sterg‑ ’клапаціцца аб кім-небудзь, даглядаць, сачыць’; Бязлай (там жа) — да і.-е. *ster‑g ’быць цвёрдым, непахісным’ > ’непахісна сачыць, узвышацца’ > ’чакаць, назіраць, засцерагаць’; агляд іншых версій гл. Фасмер, 3, 757; Шустар-Шэўц, 1363–1364; ЕСУМ, 5, 410–411. Адносна захавання г перад суфіксамі інфінітыва гл. Карскі, 1, 373.