Пу́дзіць ’палохаць, спуджваць, прымушаць бегчы’ (Нас.), ’страшыць, палохаць’ (Гарэц., Яруш., Шпіл., Шат., Янк. 2, ТСБМ), pudzić ’страшыць жывёлу’ (Варл.), пу́дыты ’гнаць, разганяць, распуджваць; рэзаць (размашыста)’ (Клім.), пу́дзіцца ’палохацца, імчацца ад перапалоху’ (Нас.), пу́дзіцца ’палохацца, баяцца (пераважна пра жывёлу)’ (Гарэц., Яруш., Мал., ТС); укр. пу́дити ’гнаць’, рус. пу́дить ’палохаць, гнаць’, польск. pędzić ’гнаць’, чэш. puditi ’пабуджаць, падбухторваць’, славац. pudiť ’гнаць’, славен. poditi, серб.-харв. púditi, балг. пъ́дя, макед. пади, ст.-слав. пѫдити ’тс’. Прасл. *pǫditi параўноўваюць з грэч. σπευδω ’спяшацца, старацца; падганяць, прыспешваць’, літ. spáusti, spáudýti ’цясніць, гнясці’, spándyti ’нацягваць’ і інш. Коген (Запіскі, 2, 239), следам за Петарсанам (Vergl., 32), узводзіць названыя формы да і.-е. *(s)peud‑ (з “s mobile”), пры гэтым бел. пудзіць, укр. пудити і пад. адлюстроўваюць, паводле яго, ніжэйшую ступень кораня *speud‑, менавіта, *(s)pud‑ з інфіксам ‑n‑, што дазваляе вытлумачыць фанетычную неадпаведнасць некаторых формаў (насавы галосны ў польскай і славенскай пры чакаемым u), якую Махэк₂ (467) звязвае з экспрэсіўным узмацненнем. Далейшая сувязь з пяць, пну (гл.), пу́та і інш. (параўн. Скок, 3, 68; Сной, 459) здаецца праблематычнай перш за ўсё з семантычнага боку, аднак фармальна мажлівай пры ўзвядзенні да і.-е. *(s)pen‑d < *(s)pen‑ ’цягнуць, расцягваць’ (Глухак, 511). Яшчэ менш пэўная сувязь з пя́дзя (гл.) пры ўзвядзенні да і.-е. *pondh‑/*pendh‑, параўн. лац. pendēre ’вісець’ (Банькоўскі, 2, 537 і інш.). Гл. таксама Фасмер, 3, 402; ЕСУМ, 4, 627.