Страчо́к ‘грыб, які мае карычневую шапку, часткова зрослую з ножкай’ (ТСБМ, ЛА, 1), ‘глузд веснавы, Gyromitra esculenta Fr.’, ‘смаржок, Morchella’ (Сярж.–Яшк.), старчо́к, тарчо́к ‘тс’ (там жа), стро́чка ‘грыб Gyromitra’ (петрык., там жа). Параўн. укр. строчо́к ‘грыб Gyromitra esculenta Fr.; лісічка звычайная, Cantharellus cibarius Fr.; грыб сядловіца, Helvella Fr.’, рус. строчо́к ‘грыб Gyromitra esculenta’, строчёк ‘від смарчка, Helvella mitra’, польск. stroczek ‘лісічка’, ‘грыб Merulius’, чэш. stroček ‘лісічка’, паводле Махэка₂ (582), з польск. stroczek. Не вельмі ясна, фармальна да страка́ (гл.), але падставы намінацыі не зусім зразумелыя; магчыма, звязана з строчка ‘стужка, фальбона’ (гл.), польск. stroka ‘галун, шляк, абрамленне, фалда’, што адпавядае знешняму выгляду грыбоў. ЕСУМ (5, 450) прапануе рэканструкцыю прасл. дыял. *stročьkь, што звязана з *strokъ са значэннем ‘укол’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)