Страхапу́д, страхапу́дала ‘страшыдла, пачвара (Юрч. Вытв., Мат. Гом.), страхопу́д ‘баязлівец’, ‘пудзіла’ (Сл. Брэс.; пін., брэсц., Нар. лекс.), страхопу́д, страхапу́дзіна ‘чалавек, які можа навесці страх сваім выглядам’ (Сл. ПЗБ; клец., Нар. лекс.), страхопу́т ‘страшыдла’ (ТС). Укр. страхопу́д ‘страшыдла, пудзіла’. Да страх і пудзіць. Магчыма, кантамінацыя, паколькі спалучэнне сінанімічных паняццяў у адным складаным слове здаецца збыткоўным. Да словаўтварэння параўн. саракапут (гл.), чэш. strakapúd ‘від дзятла’ (гл. Махэк₂, 581). Няясныя адносіны да славен. strahopeten ‘палахлівы’, strahopetec ‘баязлівец’, звязаных з славен. petáti ‘бегчы, спяшацца’, pripetiti ‘здарыцца’, якія Сной (гл. Бязлай, 3, 30) узводзіць да і.-е. *pent‑ ‘ступаць, ісці, хадзіць’, гл. пуць. Тады другая частка слова можа быць атаясамлена з пут‑, прадстаўленым у сухапу́т ‘худы чалавек’ (Ян.), сухопу́цье ‘суша’ (ТС), збліжаным з пудзіць ‘палохаць’ (гл.). У такім выпадку ўкр. страхополо́х, польск. strachopłoch ‘баязлівец’ — другасныя ўтварэнні; параўн. таксама польск. strachopłód ‘тс’ (‘той, хто плодзіць страх’, Варш. сл.), strachopuł ‘тс’, укр. страхопі́льне ‘пудзіла, прывід’ з няяснай другой часткай.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)