Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Сарпі́нка ’лёгкая баваўняная тканіна ў палоску ці ў клетку’ (ТСБМ, Нар. сл., Жд. 1). Запазычанне з рус. сарпи́нка ’паласатая або клятчастая тканіна з Сарэпты’. Апошняе ад назвы ракі Сарпа, прым. са́рпино (Фасмер, 3, 563).

Сартава́нне ’дзеянне паводле знач. дзеясл. сартаваць (ТСБМ). З польск. sortowanie. Параўн. рус. сортиро́вка (Кюне, Poln., 95).

Сару́к ’шарпак’ (Мат. Гом.). Не вельмі ясна. Мабыць, дыялектная форма ад серан, шэрань, дзе ‑ан, ‑ань успрымалася як суфікс і было заменена суф. ‑ук.

Сарцаві́на ’унутраная частка сцябла (ствала) або кораня расліны’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ). Да сэрца (гл.).

Сарца́к ’асяродак у бульбе’ (шчуч., Сл. ПЗБ). Да сэрца (гл.).

Сары́ч ’драпежная птушка сямейства ястрабіных; тое, што і канюк’ (ТСБМ). Праз рус. сары́ч ’тс’ з цюркскіх моў; параўн. паўн.-цюрк. saryča ’парода паляўнічых сакалоў’, тур. saryǯa ’жаўтаваты’, saryǯyk ’нейкая птушка’ (Радлаў, 4, 325). Назва птушкі ўтворана ад назвы колеру, параўн. уйг. saryɣ ’жоўты’, тур. sary ’тс’, чагат. sar ’шуленак, каршун’, манг. sar, калм. sar (Міклашыч, Türk. El. Nachtr., 2, 152; Праабражэнскі, 2, 253). Версія аб роднаснасці са ст.-інд. sā́ram ’драўніна, стрыжань дрэва’, арм. uruk ’пракажоны’ абвяргаецца Фасмерам (3, 564).