Выпрацава́ць (БРС). Да працаваць. Калька рус. вы́работать ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 119). Калькай, відавочна, з’яўляецца і выпрацо́ўка; параўн. рус. вы́работка.
Выпро́ханы ’такі, што выпрасілі’ (Гарб.). Рус. кур. проха́ть, укр. проха́ти, ви́прохати. Новаўтварэнне ад прасіць (Фасмер, 3, 385). У бел. мове, калі ўлічыць адзінкавасць фіксацыі, магчыма запазычанне з укр.
Вы́прудзіць ’ачысціць бялізну ад насякомых (Нас.)’, вылудзіцца ’памерці, здохнуць’ (Шат., Бір. Дзярж., Жд., 1). Гл. прудзіць. Адметная семантыка зваротнага дзеяслова, магчыма, развілася пад уплывам вы́пруціцца (гл.); параўн. семантычнае адценне ў Шатэрніка ’памерці, распластаўшыся’.
Вы́пруціць, вы́пруціць ногі ’выцягнуць ногі, памерці’ (Янк. БФ), вы́пруціцца ’выцягнуцца, як прут’ (Янк. Мат.); ’памерці’ (Касп., Шат., Янк. III, Інстр. III). Укр. випру́чувати ’звальняць, вырываць (руку), выцягваць (палку, дубец)’, польск. wyprętować ’выцягнуцца, як прут’. Гл. апруцянець.
Вы́пса ’пагардлівая назва састарэлага’ (Нас., Гарэц.); ’сабачая морда’ (Бяльк.). Рус. смал. вы́пса ’лаянка’. Традыцыйна лічыцца літуанізмам; яшчэ Карскі (Белорусы, 128) параўноўваў з літ. vypsau, vypsóti ’стаяць або сядзець з насмешлівым выразам твару’. Урбуціс (Baltistica, 5 (1), 53) указвае і на зафіксаванае ў картатэцы (адзін раз) LKŽ vypsá ’мянушка чалавека’. У семантычных адносінах вельмі прывабліва звязаць гэта слова з выпсець (гл.); параўн., напр., думку аб сувязі рус. хрыч са ст.-рус. гричь ’сабака’ (Трубачоў, Происх., 27), але словаўтварэнне тлумачыць у гэтым выпадку цяжка.
Вы́псець ’даходзіць да дзяцінства ў старасці’. Запазычанне з польск. wypsieć ’змарнець, сапсаваць і г. д.’, якое ад pies (Брукнер, 445).
Вы́пузіць ’накарміць дзіця да выпучвання жывата’ (Нас.). Да пуза (гл.).
Вы́пук ’узгорак, акругленае ўзвышша’ (слаўг., Яшк.). Рус. дыял. табольск. вы́пук ’пукатасць’. Аддзеяслоўнае ўтварэнне ад выпукнуць (гл. выпуклы).
Вы́пуклы (БРС). Рус. вы́пуклый, укр. ви́пуклий, польск. wypukły, чэш., славац. vypuklý. Дэрыват ад вы́пукнуць ’уздуцца, набракнуць’ (Махэк₂, 498; Шанскі, 1, В, 230), якое ў сваю чаргу з’яўляецца вытворным ад пук, пукаць(ца) (Мацэнаўэр, LF, 15, 172; Фасмер, 1, 370); у розных славянскіх мовах з’яўляецца, відаць, самастойным утварэннем (Брукнер, 639).
Вы́пуск ’дзеянне па дзеяслову выпускаць’ (БРС); ’выган, агароджанае месца для жывёлы’ (Бяльк., ДАБМ, 785; Нікан., Ліс.), вы́пуск ’тс’ (Нікан.), віпуск ’абложная зямля’ (ДАБМ, 858). Рус. дыял. вы́пуск ’выган’, польск. wypusk ’агароджаны выган недалёка ад дома’. Аддзеяслоўнае ўтварэнне ад выпускаць (гл. пускаць).