Пук 1 ’выклічнік, што перадае стук, стрэл, лопанне ці гук падзення’ (“падение чего, особенно круглого”, Нас.; мсцісл., Нар. лекс.; Сержп.; Нік. Очерки; ЭШ), ’бух, бульк’: бобе́р пук у во́ду (ПСл), укр. пук, пу́ку, рус. пук (пераважна смаленскае), польск. puk, pąk, чэш., славац. puk, в.-луж., н.-луж. puk, славен. pok, серб.-харв. пук, балг., макед. пук. Старое гукаперайманне, параўн. Смаль-Стоцкі, Приміт. 170 (варыянты pukъ! puku!), роднаснае ням. pochen ’стукаць’ (Махэк₂, 406). Гл. пукаць 1.
Пук 2 ’выпукласць, пукатасць’: у пуку клепка выгінаецца (ТС), ’самая высокая, аддаленая частка, кропка чаго-небудзь’: пук неба (Нар. Гом.), ’самая сярэдзіна’: puk zimy (Варл.), ’выгіб пілы’ (ПСл), пук, мн. л. пуке́ ’выступы на падэшве нагі каля пальцаў’ (Сцяшк.), пука́ ’выпукласць ступні каля большага пальца’ (Дразд.); параўн. укр. дыял. пу́ка ’ўнутраны бок канца пальца’, рус. дыял. пук ’выпуклая сярэдняя частка бочкі’, пуки́ ’найбольш шырокія месцы ў ступні’. Утворана на базе прасл. *pǫkъ ’нешта раздутае, тоўстае, выпіраючае’, звязана з пу́чыць ’выступаць, выстаўляць, выпіраць’ (гл.).
Пук 3 ’кветканоснае сцябло, стрэлка (цыбулі, шчаўя і інш. раслін)’ (пераважна паўн.-усх., ЛА, 2; Яўс., Варл., Сл. ПЗБ, Шатал., Янк. Мат., карэл., Жыв. сл.; Жд. 2), пу́чча ’тс’ (ЛА, 2; Ян.; Сл. ПЗБ; Мат. Гом.), ’маладыя парасткі’ (брагін., Шатал.), ’аер’ (б.-каш., Мат. Гом.), пукі́ ’адросткі пер’яў пасля лінькі’ (брасл., Нар. словатв.; паст., ЛА, 1), сюды ж пучы́цца ’расці ў стрэлкі (аб цыбулі)’ (Яўс.), фраз. пайсці ў пук (пукі, пучча) ’ператварыцца ў пустацвет (пра расліны); іран. ’застацца ў дзеўках, не выйсці замуж’ (Сл. ПЗБ, Растарг.), пукава́тая ’якая пайшла ў пукі (пра моркву)’ (Жд. 1); рус. пуки́ ’шчаўе ў час цвіцення’, польск. pąk ’завязь кветкі’, чэш., славац. puk ’тс’. Прасл. *pǫkъ ’нешта раздутае, тоўстае’ звязваюць з пу́каць ’лопацца, раскрывацца’ гукапераймальнага паходжання, роднасным ням. pochen ’тс’, гл. Шустар-Шэўц, 2, 1189; Махэк₂, 406; параўн. Фасмер, 3, 403; Чарных, 2, 82; ЕСУМ, 4, 629.
Пук 4 ’звязка; сноп; скрутак; ахапак’ (ТСБМ, Гарэц., Бяльк., ЛА, 4; Варл., ТС, Ян., Яўс., Раст., Шат., Сл. ПЗБ, ПСл) ’галінкі, пасечаныя і звязаныя ў куль для паліва’ (Сцяц.), пучо́к ’ахапак звязаных дроў’ (стол., Сл. Брэс.), ’збітыя жэрдкі для прыціскання стога’ (мазыр., Шатал.); укр. пук ’звязка’, рус. пук ’звязка; паплавок з пучка травы; мяч з шэрсці, апука’, польск. pęk ’гронка, звязка’. Утворана на базе праслав. *pǫkъ ’нешта раздутае, тоўстае’ як вынік злучэння ў адно некалькіх аднародных прадметаў. Гл. папярэдняе слова.
Пук 5 ’расліна дзягіль, Archangelica officinalis Hoffm.’ (Кіс.), укр. пук ’расліна гірча, Selinum carvifolia L.’, а таксама ’баршчэўнік, Heracleum sibiricum L.’ Хутчэй за ўсё, ад пук 3 ’стрэлка, кветаноснае сцябло’, параўн. рус. дыял. пуки́ ’шчаўе ў час квецені’. Гл. таксама ЕСУМ, 4, 629.