Пру́дзіць (адзежу ў лазні) ’знішчаць вошы, прапарваць над вуголлем, дэзінфіцыраваць’ (Нас., Касп., Гарэц., Мік., Др.-Падб., Сл. ПЗБ; кіраў., Нар. сл.), ’апырскваць хімікатамі’ (іўеў., Сл. ПЗБ), пру́дзіцца ’сохнуць’ (Сцяшк.), ’прасушвацца ў лазні ў духу (пра бялізну)’ (талач., в.-дзв., Шатал.). Рус. арл., калуж., разан., смал. пру́диться ’грэцца (каля печкі)’, чэш. pruditi ’гарэць, награваць’, польск. prędanie ’гарэнне’ (Міклашыч, 263). Сюды ж серб.-харв. pruditi ’гарэць, паліць’, prúda ’крапіва’ (Скок, 3, 60). Паводле Фасмера (3, 388), магчыма, звязана з пруд 1; у семантычных адносінах ён параўноўвае слав. *vrěti ’кіпець’ і літ. vérdu, vìrti ’кіпець, бурліць, варыць’. Махэк₂ (488) узнаўляе прасл. *pruditi, якое лічыць роднасным ням. brennen ’паліць’. Гл. яшчэ Коген (Запіскі, 2, кн. 9, 93), які паўтарае версію Петарсана аб тым, што гэтыя словы ўзыходзяць да і.-е. *prend‑//*prond‑ і далей звязаны з прагнуць (гл.). Сюды таксама апру́дзіцца (гл.), параўн. серб.-харв. oprudilo (пра дзіця, якое абмачылася і ў яго пячэ ў паху) (Скок, 3, 60).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)