Вы́странчыць ’вельмі дагадзіць ва ўсім’ (Янк. Мат., Выг. дыс.), вы́странчыўшы дзеепрысл. ’зрабіўшы ўсё належнае’ (Сцяшк.). Ад польск. stręczyć ’раіць, рэкамендаваць’. Аб апошнім гл. Брукнер, 518.
Вы́стрыгаць ’скроіць’ (Жд., 1). Запазычанне з польск. wystrzygać ’выразаць, выкраіць’.
Вы́стрыгуць ’выставіць, высунуць’ (Сцяц., зэльв.). Запазычанне з польск. wystryhnąć ’накіраваць, выправадзіць, выставіць; модна, прыгожа апрануць’, якое, відавочна, было збліжана фанетычна з стрыгчы, выстрыгчы.
Вы́ступ (БРС), ’участак лесу, поля, лугу, які ўразаецца ў іншы масіў’ (Яшк.). Рус. вы́ступ, укр. ви́ступ ’выступленне’, польск. występ, в.-луж. wustup, чэш. výstup ’тс’. Аддзеяслоўнае ўтварэнне ад выступіць (гл. ступіць).
Вы́ступкі ’старыя боты ці валёнкі з адрэзанымі халявамі’ (Бір. Дзярж.); ’лёгкі жаночы абутак’ (Сцяшк.); ’апоркі, старыя боты ці валёнкі з адрэзанымі халявамі’ (З нар. сл.), вы́ступці ’туфлі’ (Бес.). Рус. вы́ступки, вы́ступцы ’старыя боты з адрэзанымі халявамі, вялікія і нязграбныя боты для хадзьбы па гною; від жаночых чаравікаў на абцасах; пантофлі’, укр. ви́ступці ’туфлі’. Ад іменнай або дзеяслоўнай асновы выступ‑ (гл. ступаць) з суф. ‑к‑ (Вахрас, Наим. об., 76).
Вы́сып ’пясчаны ўзгорак, астравок; выспа’ (Сцяц., зэльв.). Ст.-бел. высепъ, высопъ ’востраў’. Запазычанне з польск. wysep, wysyp ’тс’ (Булыка, Запазыч., 74 і наст.), апошняе да высыпаць (Нітшэ, 24). Але параўн. рус. дыял. вы́сыпок ’наносны астравок, наносная пясчаная мель’ і ўкр. ви́сип ’насыпная горка, невысокая горка’.
Вы́сыпаць ’высыпаць’ (БРС, Нас., Яруш., Шат., Бяльк., Касп.); ’закінуць, расцягнуць (на вадаёме сетку-трыгубіцу)’ (Янк. II), высепа́те ’рабіць градкі ў агародзе’ (КЭС), высыпа́цца ’з’яўляцца (аб калоссі), каласаваць’ (Выг. дыс., Шатал.). Да сыпаць.
Вы́сыпка ’дзеянне па дзеяслову высыпаць’; ’хвароба скуры, восыпка’ (БРС, Яруш.); ’палатняная дзяруга, на якую высыпаюць, сушыць зерне’ (Янк. Мат.); ’раптоўнае з’яўленне ў якім-небудзь месцы ў вялікай колькасці лепшых парод дзічыны: вальдшнэпаў, бакасаў і г. д.’ (Дэмб., 2). Рус. вы́сыпка ’раптоўнае з’яўленне дзічыны’, укр. ви́сипка ’сып’, польск. wysypka ’тс’. Да высыпаць з суф. ‑к‑.