Ступі́ць ‘зрабіць крок’, ‘паставіць нагу, наступіць’, ‘увайсці’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Бяльк., ТС, Федар. 4, Сержп. Прымхі, Сл. ПЗБ). Параўн. укр. ступи́ти, рус. ступи́ть, стараж.-рус. ступити, польск. stąpić, в.-луж. stupić, н.-луж. stupiś, чэш. stoupiti, славац. stúpiť, серб.-харв. сту́пити, славен. stọ́piti, балг. стъ́пя, макед. стапи, ст.-слав. стѫпити ‘ступіць, зрабіць крок’. Прасл. *stǫpiti ‘ступіць, зрабіць крок’ лічыцца вытворным ад незахаванага прасл. *stepti, *stępǫ, менавіта ад асновы цяп. ч. гэтага дзеяслова *stęp‑, ад і.-е. *ste(m)p‑ гл. Борысь, 577; Бязлай, 3, 321. Інакш Шустар-Шэўц (1371), які славянскія дзеясловы разглядае як дэрываты ад прасл. *stopa ‘нага; даўжыня ступні; крок’ з насавым інфіксам *sto‑m‑p‑. Бліжэйшыя адпаведнікі бачаць у літ. stapýtis ‘стаць’, stìpti, stim̃pu ‘адубець, здранцвець’. Параўноўваюць яшчэ з грэч. στέμβω ‘тапчу, жорстка абыходжуся, ганьблю’, ст.-ісл. stappa ‘трамбаваць, штурхаць уніз’, ст.-в.-ням. stamfôn ‘трамбаваць’ і ніш.; гл. Міклашыч, 324; Мацэнаўэр, Cizí sl., 78; Фасмер, 3, 788. Махэк₂ (580) таксама ўзводзіць дзеясловы да *stopa, а насавы ў корані тлумачыць другаснай назалізацыяй, рашуча пярэчачы супраць існавання асновы *stęp‑ у першасным дзеяслове.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)