Стры́гчы ‘зразаць, падрэзваць ножніцамі, машынкай (валасы, шэрсць і пад.)’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Шат.; ашм., Стан.; Сцяшк., Бяльк.), стрыгчы́ ‘тс’ (Ласт.), стры́хчы, стры́кчы, стры́хці ‘тс’, ‘рэзаць ножніцамі; кроіць’ (Сл. ПЗБ), стры́гці ‘тс’ (Сержп. Прымхі), стрыгці́ ‘тс’ (ТС), ст.-бел. с​ѕтрычи ‘тс’ (XVI ст., Карскі 2-3, 277); сюды ж стры́гчы вуша́мі ‘паводзіць вушамі, прыслухоўвацца’ (ТСБМ), стры́гці вуша́мі ‘тс’ (Сержп. Прымхі, ЛА, 1). Укр. стри́гти, рус. стричь, стараж.-рус. стричи, польск. strzyc, в.-луж. třihać, н.-луж. stśigaś, чэш. střihati, славац. strihať, серб.-харв. стри̏ћи, славен. stříči, балг. стрига́, макед. стриже ‘тс’, ст.-слав. стришти. Прасл. *strigti звязана чаргаваннем галосных з рус.-ц.-слав. стрѣгъ ‘стрыжка’, стрѣжьць ‘той, хто стрыжэ’, суадноснымі з с.-в.-ням. streich ‘удар, замах’ і роднаснае ст.-прус. strigli ‘чартапалох’, ст.-в.-ням. strîhhan ‘гладзіць, церці’, гоц. striks ‘паласа’, ст.-англ. strican ‘мазаць; праводзіць’, лац. stringere ‘дакранацца; здзіраць’, strigilis ‘скрабок’ (гл. Траўтман, 289; Мікала, Ursl. Gr., 3, 77; Фасмер, 3, 778), што ўзыходзіць да і.-е. *streig‑ ‘удараць’, з далейшай спецыялізацыяй ‘апрацоўваць вострай прыладай’ (Бязлай, 3, 329; Борысь, 584). Махэк₂ (588) параўноўвае з літ. riẽkti, riekaù ‘рэзаць’, riekė̃ ‘луста хлеба’, дапускаючы рухомае s‑. Гл. яшчэ Шустар-Шэўц, 1546; ЕСУМ, 5, 440. Параўн. стругаць. Сюды ж стры́жава ‘воўна, састрыжаная з авечкі (авечак) за адзін раз’ (Сл. ПЗБ), стрыгу́н, стрыгуно́к ‘аднагадовае жарабя, якому звычайна падстрыгаюць грыву’ (ТСБМ, Касп., Бяльк., ЛА, 1), ‘конь ва ўзросце двух год’ (Ян.; віц., Жыв. НС). Гл. таксама стрыгнуць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)