Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

*Вы́рапіць, вы́рапити (очи) ’вытарашчыць вочы’ (Бес.). Няясна. Магчыма, звязана з рыпець, рыпаць (гл.), рус. рыпе́ть, польск. rypać, славац. rapkať і г. д.; асабліва параўн. укр. ра́піти ’тс’. Адносна семантыкі параўн. вызверыцца ’закрычаць са злосцю’ і ’вытарашчыць вочы’, г. зн. дзеяслоў, відавочна, меў сінкрэтычнае значэнне ’крычаць, вытарашчыўшы вочы’.

Выратава́льнік (БРС). Ад выратаваць (гл. ратаваць). Відавочна, структурная калька рус. спаси́тель.

Вы́рач ’балота’ (Жд., 1). Няясна. Магчыма, ёсць нейкая сувязь з выр ’вір’.

Вы́рачка ’пахучка звычайная, Clinopodium Vulgare L.’ (Кіс., Сцяшк. МГ, З нар. сл.); ’чалавек, які пільна ўгледзеўся ў што-небудзь, каго-небудзь’ (З нар. сл.). Ад вы́рачыць ’вытарашчыць вочы’. Расліна названа так таму, што мае «кветкі-вочкі»; параўн. яе польскую назву storzysz ад storzyć ’ганарыцца, важнічаць’.

Вы́рачыць ’вытарашчыць вочы’ (БРС, Сцяшк. МГ, Янк. БП, 457). Рус. дыял. вы́рачить, польск. wyraczić ’тс’. Ад рак (гл.).

Вырва1 ’яма (ад дажджу)’ (Яшк.). Укр. ви́рва ’круты схіл гары, круча’, польск. wyrwa ’канава, яма, якая ўтварылася ад дзеяння вады’, чэш. мар. výrva ’тс’. Аддзеяслоўнае ўтварэнне ад вырваць (гл. рваць) (Махэк₂, 526; Нітшэ, 66). Адносна энанціасеміі значэнняў (’яма’ — ’круча’) гл. Талстой, Геогр., 98 і наст.

Вырва2 ’вельмі бойкая і гарэзлівая дзяўчына’ (З нар. сл.). Рус. смал. лаянкавае слова вы́рва, польск. wyrwa ’насмешнік, франт’. Аддзеяслоўнае ўтварэнне ад вырваць.

Вы́рвас ’гарэза, вісус, свавольнік’ (Нас., Гарэц.), вы́рвас, вырвасю́га ’жулік; вельмі бойкі і гарэзлівы хлопчык’ (Бяльк.). Паводле Лаўчутэ, Лекс. балт., 19, слав. утварэнне на аснове літ. vir̃ve, virvė̃ ’вяроўка’, лат. vìrve, vìrva ’тс’ з балтыйскім суф. ‑ас.

Вы́рвіна ’абрыў на Дзвіне’ (Яшк.). Ад вырваць (гл.) з суф. ‑іна. Параўн. вырва, рваць.

Вы́ркаць ’пярэчыць, спрачацца’ (Шпіл.). Рус. дыял. вы́ркать ’лаяцца, бурчаць; стукаць, грукаць дзвярамі’. З vъrkati. Параўн. рус. ворчаць, воркотать, польск. warczeć (поруч з wyrczeć), warkać ’бурчаць’, чэш. vrkati, славац. vrkati, славен. vŕkati. Гукаперайманне (Махэк₂, 700; Фасмер, 1, 356).

Вы́руб ’участак, дзе высечаны лес’ (Мат. Гом., Інстр. II); ’зруб’ (Мат. Гом.); ’вышыня зруба ад падлогі да столі’ (Інстр. II). Рус. дыял. вы́руб ’паляна з карчамі і кустамі; від плоту; дзеянне па дзеяслову вырубіць’, польск. wyrąb, в.-луж. wurub. Аддзеяслоўнае ўтварэнне ад вырубіць < рубіць (гл.).