Рубі́ць ’падшываць край чаго-небудзь; рабіць рубец’, ’будаваць што-небудзь з дрэва, бярвення’, ’здабываць (руду, вугаль)’ (ТСБМ), у выразе рубіць хату/хлеў ’часова без моху складаць сцены будынка з новых бярвенняў’ (капыл., саліг., клец., слуц., З нар. сл.); сюды ж рубну́ць ’секануць’ (ТС). Укр. руби́ти ’падрубаць, падшываць’, рус. руби́ть ’сячы’, н.-луж. rubnuś ’секануць’, в.-луж. rubnuć ’секануць’, чэш. roubiti ’будаваць; рабіць прышчэпку’, славен. róbiti ’падрубаць, падшываць’, серб.-харв. ру̀бити ’тс’, балг. ръ́бя ’абрубаць; рабіць зазубрылі; падрубаць’. Ст.-слав. рѫбити, стараж.-рус. рꙋбити ’будаваць з дрэва; рыхтаваць (ваяра)’ (Сразн., 3, 181–182). Прасл. *rǫbiti, *rǫbati на базе і.-е. *remb‑/*romb‑/*romb‑ ’сячы, рабіць насечку, рубец, шрам’, параўн. літ. rémbėti ’пакрывацца рубцамі; рубцавацца’. Старэйшае значэнне — ’рабіць засечку; рубцаваць’ < ’будаваць’ < ’сячы’ (Чарных, 2, 125). Паводле Трубачова (Ремесл. терм., 149), значэнне ’будаваць з дрэва’ другаснае на базе прасл. *rǫbъ ’край, абрэзаны кавалак’. Гл. руб.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)