Ра́таваць (ра́товаць) ’ваяваць за нешта; шумець, буйстваваць’ (Нас.). Параўн. рус. ра́товать ’змагацца, адстойваць’, дыял. ’біцца’, серб. ра̏товати ’ваяваць’. Да раць (гл.).
Ратава́ць ’пазбаўляць ад небяспекі, пагрозы, гібелі; берагчы’ (ТСБМ, Касп., Шат., Стан., Сл. ПЗБ), ратава́ць, рытыва́ць, рютува́ць, рятува́ть ’тс’ (Бяльк.), ратава́ць (rataváć) ’дапамагаць’ (Варл., Сл. ПЗБ), ратова́ць, рэтова́ць ’даваць паратунак’ (ТС), ретова́ць ’спяшацца дапамагчы ў бядзе’ (Нас.), ст.-бел. ретовати, ратовати ’тс’. Запазычана праз польск. ratować з ням. retten ’тс’, фанетычна і марфалагічна адаптаванае яшчэ ў сярэдне-польскі перыяд (Нававейскі, Zapożyczenia, 83). Формы з каранёвым ‑е‑ (‑э‑), упершыню зафіксаваныя ў 1514 г. (паводле Карскага, 1, 107: “е на месте а не после мягкого согласного”), больш набліжаныя да зыходнай нямецкай формы, што не выключае прамога запазычання. Ад ретовати магчыма развіццё рус. рято́вать з яканнем, што Фасмер (3, 447) вызначае, як “гіперграматычнае я”. Гл. таксама Булыка, Лекс. запазыч., 41. Сюды ж, відаць, смал. рята́ ’дапамога, ратаванне’ (Дабр., Этн., 4), што суадносіцца з польск. rata!, raty! ’крык дапамогі’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)