Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Вы́права ’падрыхтоўка і забеспячэнне ў дарогу; адзенне, бялізна, посуд і г. д., якія, акрамя пасагу, падрыхтоўваюцца дзяўчыне пры выхадзе замуж’ (Нас.), выпра́ва ’адпраўленне ў дарогу’ (Гарэц., Др.-Падб., Яруш.). Укр. ви́права, польск. wyprawa ’тс’, в.-луж. wuprawa ’догляд, клопаты’. Аддзеяслоўнае ўтварэнне ад выправіць (гл.).

Вы́правіць ’зрабіць правільным, ліквідаваць недахопы; адправіць, накіраваць, падрыхтаваць у дарогу’ (БРС, Яруш., КЭС, лаг.). Рус. вы́править, укр. ви́правити, польск. wyprawić ’адправіць, сабраць (у дарогу)’, славац. vypraviť ’тс’. Ад правіць у яго першапачатковым значэнні ’рабіць прамым’ (параўн. рус. править), якое ў сваю чаргу ад правы ’які мае быць’ (Шанскі, 1, В, 229). Сюды ж, відавочна, вы́правытыся ’здохнуць, выпруціцца’ (З нар. сл.), г. зн. ’зрабіцца прамым’; у семантычных адносінах параўн. выпруціцца, апруцянець.

Выпрага́цца ’высмажвацца, спальвацца; выбівацца з сіл’ (Нас.). Гл. пражыць. Сюды ж, магчыма, і вы́прагчыся ’здохнуць’ (Шатал.), г. зн. ’страціць апошнія сілы’.

Выпрага́ць (БРС). Рус. выпряга́ть, прягу́, прячь, укр. випряга́ти, прягти, ст.-рус. напрягу, напрячи, польск. sprząg ’вупраж’, spręgać ’сцягваць, счэпліваць’, в.-луж. spřah ’вупраж’, přahać ’нацягваць’, н.-луж. pśěg, pśěgaś, чэш. spřež ’вупраж’, spřahati ’сцягваць’, славац. spriahať ’злучаць’, серб.-ц.-слав. напрѧшти, напрѧгѫ, серб.-харв. спре́ћи спре̑гну̑ти ’сцягваць’, славен. vpréžem, vprẹ́či ’запрэгчы’, балг. запрягам. Прасл. *pręgǫ, *prękti; іншая ступень чаргавання ў *prǫgъ (гл. пруг, пругкі). Сюды ж належаць літ. sprangùs ’тое, што засядзе, вязне’, spriñgti, springstù ’душыцца пры глытанні’, sprengė́ti ’душыць’, лат. sprañgât ’зацягваць’, saspranga ’вяровачка’, н.-в.-ням. Sprenkel ’сіло’, с.-в.-ням. sprinke ’пастка’, ст.-в.-ням. springo ’тс’ (Персан, Beitr., 869; Траўтман, 278). Гл. таксама Фасмер, 3, 393; Махэк₂, 490; Мартынаў, Лекс. взаим., 222.

Выпраме́ньваць (БРС). Да прамень (гл.). Структурная калька рус. излуча́ть, таксама, як і выпраме́ньванне, калька рус. излуче́ние (Крукоўскі, Уплыў, 121).

Выпрамні́к (БРС). Да вы́праміць. Структурная калька рус. выпрями́тель ’тс’, таксама, як і выпрамля́льны, — калька рус. выпрямите́льный (Крукоўскі, Уплыў, 117 і наст.).

Вы́прастаць (БРС, Нас., Бяльк., Касп., Шат., Гарэц., Др.-Падб., Мядзв.). Рус. вы́простать, укр. ви́простати. Ад просты (Праабражэнскі, 2, 134; Фасмер, 3, 146). Шанскі (1, В, 229) утварае ад рус. проста́ть ’апаражняць, апрастаць’, але семантыка дзеяслова (выпрамляць, распрамляць, вызваляць рукі, крылы) хутчэй сведчыць аб сувязі з адным з першасных значэнняў прыметніка просты ’прамы, адкрыты, вольны’.

Вы́пратаць ’прыбраць, памыць, падмесці’ (Касп., Дзмітр., Шн., 1); ’збіць’ (Нас.); ’ачысціць студню ад гразі, хлеў ад гною і г. д.’ (Бір. Дзярж.). Гл. пратаць.

Вы́праўка ’постаць, выгляд’ (БРС); ’выправа; даведка’ (Нас.). Да выправіць (гл.). У апошнім значэнні, відаць, запазычанне з рус. вы́правка ’даведка’, у бел. вы́правіць ’дастаць дакументы ў афіцыйнай установе’ не зафіксавана. Падрабязней аб гэтым дзеяслове гл. Шанскі, 1, В, 229.

Выпрацава́ць (БРС). Да працаваць. Калька рус. вы́работать ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 119). Калькай, відавочна, з’яўляецца і выпрацо́ўка; параўн. рус. вы́работка.