Пруг ’падоўжаная палоска па краі тканіны’ (ТСБМ, Нас., Касп., Сцяшк., Уладз.; бых., шкл., КЭС) ’рубец у шытве’ (Нас., Уладз.), ’рубец на скуры’ (беласт., Сл. ПЗБ), ’ліштва ў бёрдзе для замацавання трасцінак’ (ТС), ’папярочка паміж слупамі ў калодзежы’ (ельск., Нар. сл.), пругі́, пругы́, пруге́ ’тонкія дошчачкі, якія прытрымліваюць палатно, каб яно не сцягвалася’ (Шат., Уладз., Бяльк.; брагін., Нар. сл.) або ’каб не блыталіся ніткі асновы’ (Касп., ТС, Дабрав., Кросны, Інстр. 3, Сл. ПЗБ). Рус. пру́га ’пружына’, укр. пруг ’край, рабро, кант’, ст.-рус. пругъ ’сетка’, польск. prąg, pręga, в.-луж. pruha, н.-луж. pšuga, чэш. pruh, prouha, славац. pruh ’паласа’, серб.-харв. пру̏г ’расцягнуты’, пру́га ’паласа, лінія’, славен. próga ’паласа, лінія, кант’, балг. пръг ’кій (у кроснах), рама’, пъ́ргав ’пругкі’, макед. пруга ’паласа’. Прасл. *prǫgъ, prǫga ’паласа, край’. Першапачаткова ’тое, што нацягвае, напружвае’, звязанае чаргаваннем галосных з *pręgti ’нацягваць, запрагаць’. Параўноўваюць з літ. sprangùs ’той (або тое), што душыць’, с.-в.-ням. sprinke ’пастка’, нова-в.-ням. Sprenkel ’сіло для птушак, зажым’, ст.-в.-ням. springen ’скакаць; біць струмянём’, ст.-ісл. springa ’тс’ (гл. Фасмер, 3, 387 і наст.; там жа і інш. літ-pa; БЕР, 5, 816). Відаць, няма падстаў аддзяляць ад папруга (гл.), параўн. Скок, 3, 31; Шустар-Шэўц, 2, 1164; Бязлай, 3, 126. Памылкова Кюнэ (Poln., 90) разглядае віцебскае пруг ’край; рубец’ як запазычанне з польск. próg ’парог’.