Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Сачы́ўка ’сачавіца’ (ТСБМ, Касп., Некр., Гарэц., Др.-Падб., Дэмб., 1, Кіс., Сл. ПЗБ, Сл. Брэс., Клім., Шатал., Жд. 1, Выг.), ’мука з бобу’ (Мат. Гом.), сачэ́ўка (Шат., Бяльк., Сцяшк., Кіс., Мат. АС, Скарбы), сачо́ўка, сачу́ўка (Сцяшк., Сл. ПЗБ), сачу́ўка (Сл. Брэс.) ’тс’. Гл. сачавіца. Даны суф. варыянт можа быць запазычаннем з польск. soczewka ’тс’.

Сачы́цца ’цячы, выцякаць па кроплі або тонкім струменем (пра вадкасць)’, ’пранікаць, прасочвацца ўнутр (пра вадкасць)’. Рус. сочи́ться, польск. soczyć się ’тс’. Да сок (гл.); гл. Фасмер, 3, 731; Брукнер, 506.

Сачыць ’назіраць, наглядаць за кім-небудзь, чым-небудзь’, ’адшукваць’, ’дапільноўваць’ (ТСБМ, Шат., Касп., Стан., Ласт.), ’цікаваць, высочваць, віжаваць’ (Бяльк., Гарэц.), ’пільнаваць’ (Сл. ПЗБ) ’назіраць, запільноўваць’ (Варл.) ’шукаць у галаве’ (Сержп. Прык.) ’гнаць звера (пра сабаку)’ (Сцяшк.) ’быць падобным на каго-небудзь’: сочыць бацькупадобны да бацькі (віл., глыб., Сл. ПЗБ), сочы́ць ’высочваць’ (ТС). Укр. сочи́ти ’падпільноўваць’, рус. сочи́ть ’шукаць, дапільноўваць’, ст.-рус. сочити, сочу ’адшукваць; весці судовую справу’, польск. soczyć ’паклёпнічаць, цкаваць’, чэш. sočiti ’ненавідзець; раўнаваць; абгаворваць’, серб.-харв. со̀чити ’выявіць, адшукаць’, ’даказаць’, славен. sáčiti ’лавіць’, балг. со́ча ’паказваю’. Прасл. *sočiti. Звязваюць з прасл. *sokъ ’абвінаваўца, выведнік’ і параўноўваюць з літ. sakýti, sakaũ ’гаварыць’, лат. sacît, ст.-в.-ням. sagen ’тс’ і г. д. (Бругман, IF, 12, 38; Траўтман, 255; Мюленбах-Эндзелін, 3, 603; Младэнаў, РФВ, 63, 310; Фасмер, 3, 731). Махэк₂ (566) зыходным значэннем лічыць ’дапільноўваць, адшукваць (звера)’ і супастаўляе з літ. sekù, sèkti ’ісці (следам)’, лац. sequor, ірл. sechur ’тс’, ст.-інд. sáčate ’ідзе следам’. Бязлай (Linguistika, VIII, 1, 71), славенскае слова таксама супастаўляе з літ. sèkti, лат. sekt ’ісці следам’. Аб супастаўленні слав. *sočiti з вышэйпрыведзенымі балцкімі словамі меркаваў яшчэ Фрэнкель (757, 773). Варбат (Марфан., 31–32) падтрымлівае думку Брукнера (394–395) аб зліцці ў слав. sočiti двух вышэйназваных індаеўрапейскіх гнёздаў.

Сачэ́нь ’выраб з кіслага або прэснага цеста ў выглядзе тоўстага бліна без начыння’ (ТСБМ, Нас., Касп., Гарэц., Др.-Падб., Мядзв., Малч., Шн. 3, Нар. сл.), сачэ́нь, сашэ́нь ’тс’ (Сл. ПЗБ), паўн.-усх. сачэ́нь, цацэ́нь, чачэ́нь (Цыхун, Бел.-рус. ізал., 90), сачэ́нь ’буханка хлеба, абкачаная ў муку’ (рас., Шатал.), ст.-бел. сачень ’праснак’ (Ст.-бел. лексікон). Рус. паўн.-усх., усх. со́чень ’від перапечкі на канапляным алеі’, пск. соче́нь ’перапечка’, смал. саче́нь, сачни́ ’бліны’. Ад сок1 (гл.), гл. Міклашыч 313; Фасмер, 3, 730. Сумесная беларуска-руская інавацыя з цэнтрам на рускай тэрыторыі; гл. аб гэтым Цыхун, там жа, 90.

Сач’ю́ у выразе сачʼю гаварыць ’загаворваць ад сурокаў’ (Сл. ПЗБ). Уласна з вачэй, г. зн. загаворваць ад «дурнога вока», рус. сглаза; ‑у — стары канчатак парнага ліку.

Саша́ ’шаша’ (Касп., Сцяшк., Сл. ПЗБ, Мат. Гом., Ян., Нар. лекс., Янк. 2, Янк. 3.). Рус. нар. саша́ ’тс’. З шаша (гл.) у выніку дысіміляцыі.

Сашні́к ’рабочая частка сахі, культыватара, веялкі — востры жалезны нарог’ (ТСБМ, Тарн., Выг., Клім., ДАБМ, камент., 826). Укр., рус. сошни́к, польск. дыял. (лінгвагеаграфію гл. Кандрацюк, Бел.-польск. ізал., 54) sosznnik, sasznik, susznik ’тс’. Ад саха з суф. ‑нік. Упершыню фіксуецца ў другой палове XVI ст. Падрабязна гл. Смулкова, 29 і наст.

Сашо́к ’шашок’ (Касп.), сашак (Інстр. 2). З шашок (гл.) у выніку слогавай дысіміляцыі.

Сашча́ ’даска, аснова сахі’ (Касп.). Відаць, скарачэнне ад сашчэпа < сашчапіць (гл.) або непасрэдны дэрыват ад сашчапіць.

Сашчаві́к ’падбярозавік’ (Сл. ПЗБ). З *чашчавік ад чашча (гл.).