Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

Со́мінец ‘кароткае бервяно паміж вокнамі’ (ТС), со́мчык ‘шула’ (ЛА, 4), сума́к ‘прасценак, міжаконне’ (Ян.). Гл. самінец. Параўн. таксама цу́нік ‘кароткія бярвенні ў прамежках паміж вокнамі’, цунь ‘тс’ (ТС), што схіляе прыняць за зыходныя формы з ‑у‑: польск. sunik, sumik, suńec, славац. súmyk, укр. су́мець, для якіх Бонк (SFPS, 5, 236 і наст.) дапускае значэнне ‘бервяно ў сцяне драўлянага будынка, якое ўстаўляецца ў паз слупа; абрамленне аконнага або дзвярнога праёму’ і, як тэхнічныя тэрміны, выводзіць з *sunǫti (гл. сунуць), што не вельмі пераконвае. Магчыма дапусціць кантамінацыю ці збліжэнне з *sъmъkъ, параўн. рус. алан. сомо́к ‘грэбень страхі’, балг. дыял. смок ‘бэлька ў склепе’ і інш.

Сон 1 ‘спанне’, ‘тое, што сніцца’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Бяльк., Сл. ПЗБ). Параўн. укр., рус. сон, польск., чэш., славац. sen, в.-луж. són, н.-луж. són, славен. sën, серб.-харв. са̏н, балг. сън, макед. сон, ст.-слав. сънъ. Прасл. *sъnъ з *sъpnъ, роднаснага спаць (гл.). Роднасныя: літ. sãpnas ‘сон; тое, што сніцца’, лат. sapnis ‘тое, што сніцца’, ст.-інд. svápnas ‘сон; тое, што сніцца’, лац. somnus ‘сон’. Гл. Фасмер, 3, 716–713 з літ-рай; Махэк₂, 541; Шустар-Шэўц (1334); Глухак, 540.

Сон 2 ‘травяністая расліна з вялікімі ліловымі кветкамі-званкамі, якая цвіце рана ўвесну’ (ТСБМ, Бяльк., Сцяшк., Мат. Гом., Жыв. сл., Сл. ПЗБ, ТС), ‘розныя віды расліны Pulsatilla L.’ (Кіс., Меер Крыч.), сон-трава ‘расліна сон’ (Байк. і Некр., Касп., Нар. лекс., Кіс.), сонь ‘тс’ (Сл. ПЗБ), со́нчык ‘тс’ (гродз., Кіс., Сл. ПЗБ), сасо́ннік ‘тс’ (Шат.), бабі́н сон ‘расліна Crocus Heuffelianus Herb.’ (Бейл.). Укр. сон, сон‑зі́лля, сон-трава́ ‘расліны Anemone pulsatilla L. і Anemone pratensis L.’, рус. сон, сон‑дре́ма ‘расліна Pulsatilla palena, сон’, таксама сон, сон-трава́ ‘расліна Atrapa belladonna’. Назвы раслін у іншых славянскіх мовах: польск. sasanka, ст.-польск. sesenki, sasenki, sesanki, чэш., славац. sasanka ‘анемона’, серб.-харв. са́са ‘тс’, балг. са́са́н, съ́сън ‘анемона’ і ‘пралеска, Hepatica triloba’, дыял. съса́нка, саса́нка ‘анемона’. Этымалогія няпэўная. Дурыданаў (Зб. Лер-Сплавінскаму, 81 і наст.) славянскія словы лічыць звязанымі з ст.-егіп. s‑šš‑n ‘лотас’, араб. susan ‘лілія’, тат. susan ‘касач’. Яны былі запазычаны з ст.-грэч. σουσον ‘лілія’ і ў праславянскай набылі формы *sъsъnъ, *sъsьnъ або *sъsenъ. Пасля вакалізацыі ераў паводле народнай этымалогіі былі звязаны з *sъnъ ‘сон’, што не беспадстаўна, таму што некаторыя віды раслін, напрыклад Pulsatilla patens L., у беларускай народнай медыцыне ўжываюцца як заспакаяльны і снатворны сродак (гл. Лекарственные растения и их применение. Минск, 1976, 482), а ў Сафійскім краі ў Балгарыі кветкі расліны кладуць у калыску дзецям. Іншая версія звязана з тым, што расліны роду Anemone у час дажджу і ноччу закрываюць кветкі, што звешваюцца ўніз (нібы спяць), гл. Краўчук, БЛ, 6, 66–67. Ва ўсходнеславянскіх мовах слова, відаць, было поўнасцю атаясамлена з сон 1. Гл. яшчэ Махэк₂, 537–538; ЕСУМ, 5, 352.

Со́нейка, со́няйко, со́ўнейко ‘божая кароўка, Coccinella’ (пін., карэліц., ЛА, 1; ТС). Да сонца (гл.). Шырока распаўсюджаная мадэль другаснай намінацыі ў розных мовах, што звязана з яркасцю афарбоўкі або міфалагічнымі ўяўленнямі («пасланец сонца»), параўн. укр. со́нечко, чэш. дыял. slunéčko, в.-луж. bože słónčko ‘тс’, для якіх выводзіцца праформа *sъlnьčьko з тыпалагічнымі паралелямі ням. Sonnenkälbchen, Sonnenkäfer і інш., параўн. Шывіц–Дулар, Traditiones, 26А, 67. Для беларускіх назваў праформа была б *sъlnьnьko (змены ъl > оў/о і nьk > йк). Параўн. со́нейко ‘сонца’ (Нас.).

Со́нечнік ‘расліна Helianthus annuus L.’ (Байк. і Некр., Ласт., ТС, Ян.), со́ўнечнік, со́ўнешнік ‘сланечнік’ (Шатал., Жыв. св.), со́ўнях (лельч., Жыв. сл.), сон, со́нечнік, со́нца, со́ўнешнік ‘тс’ (Мат. Гом.), сон ‘круг ад сланечніку’ (браг., З нар. сл.). Да сонца, калька запазычанага сланечнік (гл.). Не выключаны і ўкраінскі ўплыў, параўн. укр. со́няшник, со́нях. Форма сон утворана ў выніку рэдукцыі. Сюды ж cо́нкі ‘семачкі’ (Мат. Гом.).

Со́нца ‘нябеснае свяціла’, ‘святло, цяпло, якое вылучаецца гэтым свяцілам’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Бяльк., Касп., Сл. ПЗБ), со́нцэ ‘тс’ (ТС, Пятк. 2), со́нцо ‘тс’ (Сержп.), со́нейка памянш.-ласк. ‘тс’ (ТСБМ, Ласт., Касп., Байк. і Некр., Бяльк., Сл. ПЗБ), со́нейко ‘тс’ (Сержп., ТС, Федар. 4), со́ўнейко ‘тс’ (ТС). Укр. со́нце, рус. со́лнце, стараж.-рус. сълньце, польск. słońce, в.-луж. słónce, в.-луж. słónco, н.-луж. słyńco, чэш. slunce, славац. slnce, серб.-харв. су̑нце, славен. sọ̑nce, балг. слъ́нце, макед. сонце, ст.-слав. слъньце ‘тс’. Прасл. *sъlnьce ‘з’яўляецца дэмінутывам да *sъlnь (параўн. рус. по́солонь ‘па сонцу’, славен. soln ‘бляск у вачах’) < *sŭl(n)‑; утварэнне аналагічнае сэрца (гл.). Роднаснае літ. sáule ‘сонца’, лат. saũle, ст.-прус. Saule, ст.-інд. svar‑, гоц. sauil ‘тс’, грэч. ήλιος; далей гоц. sunnō, ст.-в.-ням. sunna ‘сонца’; і.-е. аснова *sau̯el‑/*sūl‑/*sun‑ на ‑l/‑n; гл. Фрэнкель, KZ, 63, 168; Траўтман, 251; Мюленбах-Эндзелін, 3, 773; Фасмер, 3, 710–711 з іншай літ-рай; Махэк₂, 558; Шустар-Шэўц, 1305; Бязлай, 3, 290; Борысь, 558; ЕСУМ, 5, 354.

Сон-трава́ ‘расліна сон, Pulsatilla patens L.’ (гродз., Аненкаў, Кіс.), сні‑трава́ ‘тс’ (Бяльк.). Гл. сон 2.

Соп, со́па ‘сажа’. Гл. со́пуха.

Со́пат ‘дым, сажа’, ‘чалеснікі’. Гл. сопуха.

Со́пка 1 ‘гара конусападобнай формы, вулкан’ (ТСБМ), ‘купіна’ (Касп., ЛА, 5), ‘магільны насып’ (Шатал., ЛА, 2), ‘вялікі курган, старажытная магіла круглай формы’ (віц., Яшк.), ‘курган, грудок’ (ТС), ‘намагільны насып’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ), ‘кратавінне’ (рас., Сл. ПЗБ). Рус. (арх.) со́пка ‘невялікая гара, якая стаіць асобна’, ‘вулкан; невялікі востраў’, дыял. ‘узгорак’, соп ‘насып’, стараж.-рус. съпъ ‘насып, узгорак, гара’. Выводзяць ад соп, якое да сыпаць (Міклашыч, 334; Праабражэнскі, 2, 357; Траўтман, 293), параўн. таксама каш. sëpa ‘кратавінне’ ад sëpac ‘сыпаць’ (SEK, 4, 264). Даль (4, 273) узводзіць да сопеть, гл. сапці; Фасмер (3, 719) дапускае сувязь з гэтым дзеясловам толькі для значэння ‘вулкан’. Паводле Крукоўскага (Уплыў, 73), бел. сопка з рускай, але гэта, магчыма, толькі ў значэнні ‘вулкан’. У іншых славянскіх мовах (чэшскай, польскай) таксама з рускай, гл. Голуб-Копечны, 334; Варш. сл., 6, 268; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 329.

Со́пка 2 ‘канапа’ (ТС), со́ўка ‘тс’ (маст., Сл. ПЗБ). Памяншальнае ад сафа́ ‘мяккая шырокая канапа’, якое праз рус. софа́ ‘тс’ або польск. sofa з франц. sofa, італ. sofá ‘канапа, сафа’; заходнееўрапейскія словы ўзыходзяць да араб. suffia ‘падушка на вярблюжым сядле’ (Фасмер, 3, 729).

Со́пкі ‘разварысты, рассыпісты’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Шат., Касп., Бяльк., Барад., Жыв. сл.), ‘даўкі (пра сыпкую, сухую ежу)’ (Ласт.), ‘несакавіты (пра ягады)’, ‘мяккі (пра снег)’ (Сл. ПЗБ). Укр. палес. со́пкий ‘тс’; усе да *съпъкъ; іншая ступень чаргавання кораня ў сыпаць (гл.). Параўн. стараж.-рус. съпъ ‘насып, узгорак, гара’, сопка, а таксама рассыпісты ‘сыпкі, разварысты’; гл. ЕСУМ, 5, 355.