Бабін сон ’расліна Crocus Heuffelianus Herb., шафран Гейфеля’ (Бейл.). Іншыя назвы: сон, соннік. Бясспрэчна, гэта назва не першапачтаковая, а перанесеная з іншай расліны. Сон, акрамя ’Crocus’, азначае ’Pulsatilla pratensis’ (таксама сон-трава, сончык, гл. Кіс.). Параўн. укр. сон, сонник ’Pulsatilla’, рус. сон, сон‑дрема ’Pulsatilla’ (таксама сонник, самсончики). Параўн. яшчэ назвы для Anemone: сасо́нік (Шат.), сон-трава (Бяльк.), укр. сон (Макавецкі, Sł. botan.). Як відаць, назвы тыпу сон ужываюцца для абазначэння аж трох раслін (Anemone, Crocus, Pulsatilla). Для Anemone параўн. яшчэ польск. sasanki, sesenki, sasenki, sesanki, чэш. sasanka, балг. дыял. сасан(к)а, съсън, сънкотка, сън‑сън‑котка, для Pulsatilla — серб.-харв. саса, чэш.-мар. sis, sisì, sesí, sosí (гл. Махэк, Jména rostl., 47). Паводле народнага павер’я, жывёлы і людзі, палізаўшы корань Pulsatilla, засынаюць (гл. Нейштадт, Определитель, 257). Магчыма, адсюль і назва. Але можна думаць і пра іншую матывацыю. Расліны роду Anemone ў час дажджу і ноччу закрываюць кветкі, якія звешваюцца ўніз (нібы спяць). Але не выключаецца, што ўсе гэтыя здагадкі не маюць сэнсу. Можна таксама думаць, што мы тут маем нейкую старажытную назву невядомага паходжання, толькі адаптаваную, трансфармаваную з ад’ідэацыяй да ўсх.-слав. слова сон (параўн. прыведзеныя: бел. сончык, сасонік, рус. сонник, самсончики, чэш. sasanka, sisí, sesí, sosí, польск. sesenki, sasenki і г. д., серб.-харв. са́са, балг. сасан(к)а, съсън, съсънка і г. д.). Гл. Краўчук, БЛ, 1974, 6, 66–67.