Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Сакра́мант ’нешта свяшчэннае, рытуальнае; талісман’ (ТСБМ), сакра́мэнт ’прычасце’ (Нас., Байк. і Некр.). Ст.-бел. сакраментъ ’таінства’. Запазычанне з польск. sakrament < лат. sakrāmentum ’наданне святасці’ (Кюне, Poln., 95); ст.-бел. сакраментъ (секраментъ) са ст.-польск. sakrament, гл. Булыка, Лекс. запазыч., 181.

Сакрэ́т ’тое, што падлягае захаванню употай, аб чым не гавораць усім; тайна’ (ТСБМ, Шат., Касп., Байк. і Некр.). З польск. sekret, таксама як і рус. секре́т (гл. Фасмер, 3, 593; Кюнэ, Poln., 96). Польскае слова з лац. sekretus ’тое, што аддзелена, скрыта; тайна’ (Фасмер, там жа; Брукнер, 484).

Саксау́л ’невысокае бязлістае дрэва (або хмызняк) сямейства маравых, якое расце ў сярэднеазіяцкіх саланчаковых пустынях’ (ТСБМ). Праз рус. саксау́л (параўн. Крукоўскі, Уплыў, 74) з казах. seksevil (гл. Трубачоў, Дополн., 3, 547).

Саксо́нцы ’насельніцтва Федэратыўнай рэспублікі Германія, якія жывуць на тэрыторыі былога каралеўства Саксонія’ (ТСБМ), адз. л. саксо́нец, саксо́нка. Укр. Саксо́нія, саксо́нець, рус. Саксо́ния, саксо́нец. З сяр.-лац. Saxonia, Saxones ад ст.-сакс. sahs ’меч з аднабаковым лязом’; гл. Фасмер, 3, 548.

Саксу́н ’від качкі’ (Мат. Гом.). З рус. соксу́н ’утка Anas clypeata L.’. Паводле Фасмера (3, 709), запазычанне. Параўн. казах. soksur ’від качкі’.

Саку́н ’чалавек, які постфікс ся ў зваротных дзеясловах вымаўляе як са’ (Серб., Шат., Скарбы). Ад незафіксаванага *сакаць з суф. ‑ун. Фасмер, 3, 548, гл. там жа і літ-py, як семантычную паралель прыводзіць егу́н, ягу́н — прозвішча беларусаў і інш. акаючага і якаючага рускага насельніцтва паводле характэрных асаблівасцяў маўлення.

Сакуя́ш ’цёплая кофта’ (Сл. рэг. лекс.). Да сак1 з суф. ‑яш (гл. Сцяцко, Афікс. наз., 35); ‑у‑ рэшта старой асновы на ‑ŭ‑.