Вылучэ́нец (БРС). Да вылучыць (гл. лучыць). Неалагізм, які ўзнік у 20‑х гадах для перадачы рус. выдвиженец (Гіст. мовы, 2, 258).
Вылына́ць ’выхадзіць’ (Яруш.). Запазычанне з укр. ви́линути ’вылецець’, ли́нути ’ляцець, імкнуцца’, калі меркаваць па галоснаму пасля л. Сюды ж ліняць (гл.).
Вы́людак ’звер, кат’ (БРС, Крывіч, 12, 1926, 3). Рус. вы́людье ’вырадак, маральная пачвара’. Прэфіксальна-суфіксальнае ўтварэнне ад люд‑ па тыпу вырадак.
Вы́людзя ’лепшае адзенне, што адзяваюць на свята’ (КЭС, лаг.). Запазычанне з рус. вы́людье ’тс’ (пск., цвяр., наўг., кастр., валаг.). Параўн. таксама рус. вы́людиться ’прыбрацца для выхаду ў госці, на гулянне’.
Вы́люднець, вы́людскавацца ’выправіцца, стаць, як усе людзі’ (Янк., Клім., Жд., 1), вы́людзець ’вырасці, стаць сур’ёзным’ (Шат.). Рус. бранск. вы́люднеть ’вырасці, развіцца, стаць падобным да іншых’, укр. ви́людніты ’тс’. Гл. алюдзець, люднець. Адносна магчымасці запазычання з гоц. liudan ’расці’ гл. Мартынаў, БЛ, 1, 16 і наст.
Выляжа́нка ’гультайка; распусная жанчына’ (Нас.). Да вылежвацца пры дапамозе суф. ‑анка.
Вымага́льнік (БРС). Ад вымагаць (гл.) пры дапамозе суф. ‑льнік.
Вымага́ць (БРС, Нас., Гарэц., Касп., Шат., Бяльк., Яруш., КЭС, лаг.; Бір. Дзярж.). Рус. вымога́ть, укр. вимага́ти, польск. wymagać, чэш. vymáhati, славац. vymáhať. Ад вы‑ і ‑магаць, дзе другая частка, відавочна, узята з дзеясловаў тыпу памагаць, якія з’яўляюцца ітэратывамі ад дзеясловаў зак. тр.; параўн. рус. вымочь — вымагаць (Шанскі, 1, В, 226). Аб дээтымалагізацыі гэтага дзеяслова гл. Булахоўскі, Труды ИРЯ, 1, 1949, 194.
Вы́мак ’месца, дзе вымак ці вымерз пасеў’ (Яшк.). Рус. вы́моки, укр. ви́мок ’тс’. Бязафікснае ўтварэнне ад вымакнуць.
Вы́мал ’мель, каса, абмялелае месца’ (Гарэц.). Рус. вы́мол ’яма, калдобіна’, укр. ви́мул ’яма, выбітая вадой’ (Марусенка, Полесье, 221), польск. wymuł ’канава, паглыбленне, вымытае вадой’, в.-луж. wumuł, чэш. výmol, славац. výmoľ ’тс’. Ад vymeti (гл. малоць) з нулявым афіксам (Гл. Махэк₂, 368). Памылкова Нітшэ (66), які звязвае гэта з мул ’іл’. Адносна вакалізму назоўніка гл. Варбот, Словообр., 24, 29.