Малоць, моло́тэ, муло́ты ’раздрабняць, размолваць зерне ці што-небудзь іншае’, ’церці, раздрабняць мак, мяса’, ’балбатаць’, ’ілгаць’ (ТСБМ, Шат., Бяльк., Яруш., Сцяшк., Сл. ПЗБ; Совещ. ОЛА (Гомель, 270)), міёр. ’хутка есці’ (Нар. лекс.). Укр. моло́ти, рус. моло́ть, польск. mleć, н.-луж. mlaś, в.-луж. mlěć, чэш. mlíti, славац. mlieť, славен. mléti, серб.-харв. мле̏ти ’размінаць, давіць’, ’пэцкаць’, ’малоць’, макед. меле, балг. ме́ля, ст.-слав. млѣти. Прасл. melti ’расціраць зерне рукамі на камені’ роднаснае да літ. málti, лат. mal̃t, літ. malū̃nas, ст.-прус. malunis ’млын’, літ. mìltai, лат. milti, ст.-прус. meltan ’мука’; лац. molere, гоц., ст.-в.-ням., ст.-н.-ням. malan, ст.-ірл. meltim ’мялю’, ст.-грэч. μυλών ’млын’, μύλλω, арм. malem ’таўку, расціраю’, хецк. malanzi ’раздрабняюць’, алб. mieli ’мука’ (Міклашыч, 186; Бернекер, 2, 35; Траўтман, 168; Фасмер, 2, 597; Фрэнкель, 403; Махэк₂, 368–369; Скок, 2, 444; Бязлай, 2, 189).