Мул 1, стол. мыл, лід. мула́, саліг. муле́ц ’іл, глей на дне возера, ракі’ (ТСБМ, Бес., Сцяшк., Яшк., Сл. ПЗБ, ЛАПП; слонім., гродз., пін., КЭС; стол., Бел. хр. дыял.; Сл. Брэс.), малар. ’незамярзаючае балота’ (Нар. лекс.), шчуч. ’балота’, жытк. ’ілістае месца’, стол. ’цякучы пясок пры капанні ямы’ (Яшк.), муль, муля́ка ’месца на балоце, дзе ўтвараецца цячэнне вады’ (палес., Талст.), му́ля ’твань, іл на дне ракі, сажалкі, возера’ (жабін., пруж., Сл. Брэс.; драг., Лучыц-Федарэц, З нар. сл.), ’гразь’ (бяроз., Шатал.; Выг. дыс.; пруж., Сл. ПЗБ). Укр. мул, на́мул, рус. мул, муль, польск. muł ’тс’, mulać ’валяць’, чэш. mula, славац. mul, славен. mȗlj, серб.-харв. му̑љ (з му̑л). Прасл. mulъ. Роднаснымі да яго з’яўляюцца: літ. maulióti ’запэцкацца плачучы’, maumúlti ’запэцкацца брудам, засмаркацца’, з іншай ступенню чаргавання mùlti ’запэцкацца’, mùlinas ’чырвона-жоўты, гліністы, брудны’, лат. mula ’цёмна-брудны’, mólis ’гліна’, лат. mãls ’тс’, а таксама лац. mulleolus ’чырванаваты’, mulleus ’чырвоны, пурпурны’ (Буга, Rinkt, 1, 465–466; Брукнер, 348; Фрэнкель, 418; Фасмер, 3, 7; Махэк₂, 382; Мартынаў, Лекс. взаим., 168). Скок (2, 429) выводзіць прасл. mulъ з і.-е. *meu‑/*mou‑ ’вільготны’, якому ў балт. мовах адпавядае ўтварэнне з ‑ro‑, параўн. máuras ’раска’, ’брудны, запэцканы’.
Мул 2 ’помесь кабылы і асла, Equus mulus’ (ТСБМ), ст.-бел. мулъ (XV ст.) запазычана са ст.-польск. muł ’тс’, якое праз чэш. мову са ст.-в.-ням., с.-в.-ням. mûl < лац. mūlus ’тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 144; Брукнер, 348).