Вы́сілак (БРС). Запазычанне з польск. wysiłek (Гіст. мовы, 2, 143).
Вы́скаліць (БРС, Нас., Бяльк., Касп., Шат.), вы́скаліцца ’ярка засвяціць (пра сонца)’ (Шатал.). Гл. скаліць. Адносна другога значэння параўн. укр. ви́скалитися ’з’явіцца, засвяціць (аб сонцы)’ і рус. смал. вы́скаліло безасаб. ’праглянула сонца’.
Выскаля́ка (БРС). Да выскаляцца (гл. скаліць) з суф. ‑ака.
*Вы́скарачэнь, вы́скороченʼ, вы́скоротенʼ, ви́скорожэнь, ви́скорошэнʼ, ви́скочэнʼ ’загнуты канец полаза — нос саней; планка, якая ідзе ад загнутага канца полаза саней да першага капыла’ (Маслен.). Бясспрэчна, звязана з рус. вы́скорь і далей выскордь ’дрэва з аголеным карэннем, якое звалена бурай’, таму што полаз часта рабілі з выгнутага кораня (параўн. ко́паны полоз ’полаз з выгнутага кораня’, Маслен., 183). Ад *vyskъriti, якое да і.-е. *(s)ker‑ ’рэзаць, аддзяляць’ (аналагічна рус. выскордь < *vyskъrdnǫti, якое да *s(ker)‑d‑; гл. Мяркулава, Этимология, 1973, 55 і наст.). Бел. формы, відавочна, з расшырэннем дзеепрыметніка на ‑to‑, г. зн. першапачатковая форма вы́скоротенʼ. Але не выключана і ўтварэнне па аналогіі з выварацень (гл.). Параўн. яшчэ Фасмер, 1, 370 і наст.
Вы́скачка (БРС, Яруш.), вы́скычка ’бег з падскокам’ (Бяльк.). Рус. вы́скочка ’выскачка’, укр. ви́скічка ’белка’. Ад выскачыць з суф. ‑к‑.
Вы́скваркі (БРС), вы́скварка, вы́скарка ’тс’ (Шатал.), вы́скаркі ’ўнутранае топленае сала’ (Касп.). Рус. вы́шкварки ’скваркі’, укр. ви́шкварка, вишкварки ’тс’. Ад выскварыць (гл. скварыць) з суф. ‑к‑.
Вы́скідзь ’выварацень’ (Янк. I, Шат.), вы́скіць ’тс’ (Некр.), вы́скадзь ’тс’ (Серб.). Рус. вы́скидь, выскодь ’тс’, чэш. výskyď ’корань (з зямлёй і каменнем) вывернутага дрэва; выварацень’. Ад *выскіднуць (з вы‑, c‑ і кідаць) (Фасмер, 1, 370; Махэк₂, 705).
Вы́скрабак ’булачка з цеста, якое выскрабаецца з дзежкі’; ’апошняе дзіця ў сям’і’ (З нар. сл.), выскраба́чка ’маленькая булачка хлеба, спечаная з рэштак цеста’. Ад выскрабаць (гл. скрэбці) з суф. ‑ак, ‑ачка.
Вы́скрабкі (БРС). Укр. ви́скрібкі, польск. wyskrobek, звычайна мн. л. wyskrobki, в.-луж. wuškrabk, чэш. дыял. vyškrabek ’булачка з рэштак цеста’. Ад выскрабаць з суф. ‑к‑.
Вы́скырка ’жанчына, якая смяецца дзе трэба і дзе не трэба’ (З нар. сл.). Ад вы́скірыць (зубы); параўн. дыял. скі́рыці зубы ’абы-чаго смяяцца’, скі́рыцца ’тс’ (гл.) з суф. ‑к‑. Параўн. шчэрыць (зубы).