Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ара́пнік (БРС), гарапнік (Нас.), аграпнік (Шн.). Рус. ара́пник, дыял. ара́пальник, ара́польник, ара́пельник, ара́пленник, укр. ара́пник, гара́пник, арапі́й, гарант, гарапі́й, польск. harap, harapnik ’арапнік’, harap ’вокліч для сабак, у прыватнасці для адгону іх ад забітай жывёліны’, ст.-польск. harap ’паляванне’, чэш. harapník. Усходнеславянскія словы імаверна запазычаны з польскай. У польскай мове этымалагізуецца традыцыйна ад ням. выклічніка herab ’далоў’, ’тут’ (гэта прынята Брукнерам, 168). Аднак Слаўскі (1, 402–403) цалкам абгрунтавана выказаў думку аб тым, што гэта не адпавядала б старому значэнню слова ’паляванне, дабыча’. Больш верагодна ён выводзіць слова ад тур. harapараб. harap) знішчэнне, спусташэнне’, адкуль і серб.-харв. дыял. харап ’рабунак, спусташэнне’. Суфікс ‑нік звычайна выкарыстоўваецца для ўтварэння назваў прадметаў (Слаўскі, 1, 402–403). Наяўнасць ст.-бел. (Нас. Гіст.) і ст.-укр. гарап мабыць у значэнні ’разбой’ дае магчымасць паставіць пытанне аб тым, што польскае harap, калі яно сапраўды цюркскага паходжання, магло прыйсці ў польскую мову з усходнеславянскіх.

*Ара́сіна, аря́сина ’доўгая жэрдка’, ’нізкарослы, але нязграбны малады чалавек’ (Нас.). Рус. паўн. орясина, рясина, арясина ’жэрдка’, ’высокі хлопец’, ’поўха, удар’ (параўн. ряснуть ’ударыць’), сувязь ’жэрдкі’ з ’ударам’ магчымая, але не пэўная. Дзеяслоў вядомы і ў разанскіх гаворках. Каліма, Ostseefin., 211, лічыў запазычаннем з карэльск. roaša, фін. raasu ’прут’, Фасмер (3, 539) пісаў пра магчымасць паходжання ад *ręds‑ (як раска — гл.). Ці выпадковая блізкасць рус. ряснутьхряснуть і ці нельга вывесці ад ряснуть, рясина, орясина — няясна.

Ара́тар ’прамоўца’ (БРС), араце́я ’прамова’ (Шпіл.). Фіксуецца ўжо ў XVII ст. (Гіст. мовы, 1, 298; Гіст. лекс., 107, 110: ораторъ, орація). Польск. orator фіксуецца з гэтага ж часу; рус. оратор — з XVIII ст. Беларускае слова з лац. orator, oratio ’тс’ (Юргелевіч, Курс, 118). Фасмер, 3, 148. Параўн. Курс суч., 170.

Арату́нак ’ратунак’. Гл. ратаваць.

Ара́ты. Тыпова беларускае пераўтварэнне ст.-бел. ратай, оратай, адлюстроўваючых праслав. *ortajь (< *or(ti) + (t)‑ajь) па ўзору памагаты, прыганяты. Ратай, аратай — архаізмы (Шадурскі, дыс., 261), якія адзначаюцца і ў дыялектах (Смул., 160–161). Форма ратай, як і літ. artójas, адносіцца да агульнага балта-славянскага фонду (Траўтман, 13; Фрэнкель, 17; Смулкова, Лекс. балтызмы, 37). Меркаванні Мартынава (Лекс. балгызмы, 24) аб магчымасці запазычанага характару гэтага слова з балт. выклікаюць пярэчанні.

Арахма́ны. Гл. рахманы.

Ара́ць, дыял. формы: гараць, ораты, орати, гораты пашыраны ва ўсіх гаворках Беларусі, за выключэннем паўночнавіцебскіх, усходнемагілёўскіх і гомельскіх (Арашонкава–Мурашка, Бел. мова, 107). Рус. дыял. орать, укр. орати, польск. orać, чэш. orati, славац. orať, в.-луж. worać, н.-луж. woraś (палаб. våronă ’воранае’), балг. ора́, серб.-харв. о̀рати, славен. oráti. Ст.-слав. орати. Літ. árti, лат. ar̂t, лац. arare, грэч. ἀρόω і г. д. І.‑е. *ar(ə)‑ ’араць’ (Покарны, 62–63), паводле Шпехта (KZ, 68, 42²), звязана з *erə‑ ’раздзяляць’ (першасна ’раздзяляць зямлю’). Фасмер, 3, 148, дзе іншая літаратура. Ад араць утвораны шэраг назоўнікаў, што абазначаюць працэс, тэрыторыю, час: аралля, аральба, араллё, араво, орыва, ворыва, арання, арацьба, араннік, аратар, аратнік, аратняк, аральбіт, арач, арэц, аратай і інш.

Араша́ць1 ’абвадняць’. Дзеяслоў утвораны з прэфікса а‑ (о‑) і кораня раш‑ (*рос‑), запазычаны з рускай ці паралельна з рускім орошать. Для знач. параўн. польск. orosić ’пакрыць расой’. Гл. раса.

Араша́ць2, рашаць (гл.).