Рахма́ны ’спакойны, нязлосны (пра звяроў, жывёл)’, ’памяркоўны, згаворлівы, дабрадушны, лагодны, ласкавы (пра чалавека)’ (ТСБМ, Нас., Касп., Шат., Растарг., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС), ’ціхі, сумленны’ (Ян.), рохма́ны ’вялы, хваравіты’ (Мат. Гом.), ст.-бел. рахманый, рохманый ’тс’. Параўн. укр. рахма́нний ’смірны, ціхі’, рус. рахманный ’ціхі, смірны; дзівакаваты; лянівы; вясёлы’, польск. rochmanny ’пра ручнога звера ў параўнанні з дзікім’ (з усходнеславянскіх моў, Брукнер, 459). Хутчэй за ўсё з гебр. rah̥ămānî ’спачувальны, літасцівы’ (Пятровіч, PC, 2005, 103), ці тат. праз тур. rachman ’лагодны’ < араб. rahmān ’тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 196). Пра іншыя шляхі і крыніцу запазычання гл. Фасмер, 3, 450; Жураўлёў, Язык и миф, 451–452.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)