Ара́пнік (БРС), гарапнік (Нас.), аграпнік (Шн.). Рус. ара́пник, дыял. ара́пальник, ара́польник, ара́пельник, ара́пленник, укр. ара́пник, гара́пник, арапі́й, гарант, гарапі́й, польск. harap, harapnik ’арапнік’, harap ’вокліч для сабак, у прыватнасці для адгону іх ад забітай жывёліны’, ст.-польск. harap ’паляванне’, чэш. harapník. Усходнеславянскія словы імаверна запазычаны з польскай. У польскай мове этымалагізуецца традыцыйна ад ням. выклічніка herab ’далоў’, ’тут’ (гэта прынята Брукнерам, 168). Аднак Слаўскі (1, 402–403) цалкам абгрунтавана выказаў думку аб тым, што гэта не адпавядала б старому значэнню слова ’паляванне, дабыча’. Больш верагодна ён выводзіць слова ад тур. harap (з араб. harap) знішчэнне, спусташэнне’, адкуль і серб.-харв. дыял. харап ’рабунак, спусташэнне’. Суфікс ‑нік звычайна выкарыстоўваецца для ўтварэння назваў прадметаў (Слаўскі, 1, 402–403). Наяўнасць ст.-бел. (Нас. Гіст.) і ст.-укр. гарап мабыць у значэнні ’разбой’ дае магчымасць паставіць пытанне аб тым, што польскае harap, калі яно сапраўды цюркскага паходжання, магло прыйсці ў польскую мову з усходнеславянскіх.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)