Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ара́п ’негр’, ’ашуканец’ (БРС). Рус., укр. арап. Ст.-бел. прыклады з канца XVI ст., таксама арапин, арапчик. Найбольш верагодна ўсходнеславянскае слова з цюркскай, дзе слова вядома ў значэнні ’негр’. Беларускае запазычана з турэцкай ці крымска-татарскай мовы, магчыма, праз украінскую (менш верагодна — праз рускую). Праабражэнскі (1, 7), Шанскі (1, А, 134) лічаць запазычаным з грэчаскай, аднак з грэчаскай запазычана з ‑в‑ на месцы β аравиискъ, аравлянинъ (ст.-слав., ст.-бел. у Александрыі). Саднік-Айцэтмюлер (1, 24) пішуць пра падвойнае (з захаду і ўсходу) запазычанне. Развіццё значэння ’ашуканец’ вядома ў раманскіх мовах, а таксама ў цюркскіх (Дзмітрыеў, Строй, 492); не выключана, але малаверагодна самастойнае развіццё гэтага значэння на ўсходнеславянскай глебе. Супрун, Зб. Крымскаму, 124–125.

Ара́пнік (БРС), гарапнік (Нас.), аграпнік (Шн.). Рус. ара́пник, дыял. ара́пальник, ара́польник, ара́пельник, ара́пленник, укр. ара́пник, гара́пник, арапі́й, гарант, гарапі́й, польск. harap, harapnik ’арапнік’, harap ’вокліч для сабак, у прыватнасці для адгону іх ад забітай жывёліны’, ст.-польск. harap ’паляванне’, чэш. harapník. Усходнеславянскія словы імаверна запазычаны з польскай. У польскай мове этымалагізуецца традыцыйна ад ням. выклічніка herab ’далоў’, ’тут’ (гэта прынята Брукнерам, 168). Аднак Слаўскі (1, 402–403) цалкам абгрунтавана выказаў думку аб тым, што гэта не адпавядала б старому значэнню слова ’паляванне, дабыча’. Больш верагодна ён выводзіць слова ад тур. harapараб. harap) знішчэнне, спусташэнне’, адкуль і серб.-харв. дыял. харап ’рабунак, спусташэнне’. Суфікс ‑нік звычайна выкарыстоўваецца для ўтварэння назваў прадметаў (Слаўскі, 1, 402–403). Наяўнасць ст.-бел. (Нас. Гіст.) і ст.-укр. гарап мабыць у значэнні ’разбой’ дае магчымасць паставіць пытанне аб тым, што польскае harap, калі яно сапраўды цюркскага паходжання, магло прыйсці ў польскую мову з усходнеславянскіх.

*Ара́сіна, аря́сина ’доўгая жэрдка’, ’нізкарослы, але нязграбны малады чалавек’ (Нас.). Рус. паўн. орясина, рясина, арясина ’жэрдка’, ’высокі хлопец’, ’поўха, удар’ (параўн. ряснуть ’ударыць’), сувязь ’жэрдкі’ з ’ударам’ магчымая, але не пэўная. Дзеяслоў вядомы і ў разанскіх гаворках. Каліма, Ostseefin., 211, лічыў запазычаннем з карэльск. roaša, фін. raasu ’прут’, Фасмер (3, 539) пісаў пра магчымасць паходжання ад *ręds‑ (як раска — гл.). Ці выпадковая блізкасць рус. ряснутьхряснуть і ці нельга вывесці ад ряснуть, рясина, орясина — няясна.

Ара́тар ’прамоўца’ (БРС), араце́я ’прамова’ (Шпіл.). Фіксуецца ўжо ў XVII ст. (Гіст. мовы, 1, 298; Гіст. лекс., 107, 110: ораторъ, орація). Польск. orator фіксуецца з гэтага ж часу; рус. оратор — з XVIII ст. Беларускае слова з лац. orator, oratio ’тс’ (Юргелевіч, Курс, 118). Фасмер, 3, 148. Параўн. Курс суч., 170.

Арату́нак ’ратунак’. Гл. ратаваць.

Ара́ты. Тыпова беларускае пераўтварэнне ст.-бел. ратай, оратай, адлюстроўваючых праслав. *ortajь (< *or(ti) + (t)‑ajь) па ўзору памагаты, прыганяты. Ратай, аратай — архаізмы (Шадурскі, дыс., 261), якія адзначаюцца і ў дыялектах (Смул., 160–161). Форма ратай, як і літ. artójas, адносіцца да агульнага балта-славянскага фонду (Траўтман, 13; Фрэнкель, 17; Смулкова, Лекс. балтызмы, 37). Меркаванні Мартынава (Лекс. балгызмы, 24) аб магчымасці запазычанага характару гэтага слова з балт. выклікаюць пярэчанні.

Арахма́ны. Гл. рахманы.

Ара́ць, дыял. формы: гараць, ораты, орати, гораты пашыраны ва ўсіх гаворках Беларусі, за выключэннем паўночнавіцебскіх, усходнемагілёўскіх і гомельскіх (Арашонкава–Мурашка, Бел. мова, 107). Рус. дыял. орать, укр. орати, польск. orać, чэш. orati, славац. orať, в.-луж. worać, н.-луж. woraś (палаб. våronă ’воранае’), балг. ора́, серб.-харв. о̀рати, славен. oráti. Ст.-слав. орати. Літ. árti, лат. ar̂t, лац. arare, грэч. ἀρόω і г. д. І.‑е. *ar(ə)‑ ’араць’ (Покарны, 62–63), паводле Шпехта (KZ, 68, 42²), звязана з *erə‑ ’раздзяляць’ (першасна ’раздзяляць зямлю’). Фасмер, 3, 148, дзе іншая літаратура. Ад араць утвораны шэраг назоўнікаў, што абазначаюць працэс, тэрыторыю, час: аралля, аральба, араллё, араво, орыва, ворыва, арання, арацьба, араннік, аратар, аратнік, аратняк, аральбіт, арач, арэц, аратай і інш.

Араша́ць1 ’абвадняць’. Дзеяслоў утвораны з прэфікса а‑ (о‑) і кораня раш‑ (*рос‑), запазычаны з рускай ці паралельна з рускім орошать. Для знач. параўн. польск. orosić ’пакрыць расой’. Гл. раса.

Араша́ць2, рашаць (гл.).

Арба́1 (БРС). Рус. арба́, араба́, укр. гарба́, рэдка арба́ ’павозка’, араба́, гараба́ ’цыганскі, малдаўскі ці татарскі воз’, польск. arba, чэш. arba (экзатызмы). Заходнеславянскія формы запазычаны праз рускую мову. Крыніца рускага слова, напэўна, татарская (Дзмітрыеў, Строй, 521); экзатычнае значэнне ўказвае на крымска-татарскую і азербайджанскую магчымыя крыніцы запазычання слова. Параўн. Фасмер, 1, 83; Шанскі, 1, А, 135. Гараеў, 5, слушна звярнуў увагу і на наяўнасць слова не толькі ў цюркскіх, але і ў іншых каўказскіх мовах, напрыклад у асецінкай, што садзейнічала пранікненню слова ў рускую мову. Бел. арба мае цюркскую крыніцу, але не без падстаў Крукоўскі (Уплыў, 74) адзначаў ролю рускай мовы ў перадачы слова да беларускай.

А́рба2 ’старажытнай прылада’ (Касп.). Параўн. арфа2 ’веялка’ (гл.). Субстытуцыя б — ф цераз п (арпа); нельга выключыць, што бел. арба < літ. дыял. árba ’арфа (веялка)’ (LKŽ), хаця літоўская форма зарэгістравана на паўночным захадзе.

Арба́3. Назоўнік ад дзеяслова араць (з суф. -ба).