Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ві́гар Глыбокае месца на балоце, яма, запоўненая ілам, вадой; азярына (Харомск Палессе Талст.).

відо́ка Віднае з усіх бакоў, адкрытае, высокае месца (Слаўг.). Тое ж відоцы, лабок, лыса́гар, кол, далонь, тычок, вока, звані́ца, мая́к (Слаўг.), відоліца (Стол.).

ві́жар Яма ад выгаралага торфу і травы (Палессе Талст.).

ві́лкі Месца раздваення дарогі (Докш.).

ві́лы Мясцовасць у выглядзе вузкай палоскі, якая заканчваецца ўчасткам квадратнай формы паміж рэчкамі пры ўпадзенні адной з іх у другую (Ст.-дар.).

ур. Вілы (балота) каля в. Пасека Ст.-дар.

віпці́ннік Вінаграднік; гароднінны сад (Нас, АУ).

вір

1. Яма ў рацэ ці возеры, на паверхні якой назіраецца кругаварот вады; глыбокае месца ў рацэ, возеры або балоце (БРС). Тое ж гаршчок, глыбічыня́, вотмык, глыбачы́нь, за́кру́тка (Слаўг.), мотмут (Ветк.), вукрут (Палессе Талст.), вірь (Магіл. губ. вед. № 44, 1854, 793), вырь (Віц. Шэйн БП., 773), макацёр (Усх. Палессе Талст.).

2. Невялікая травяная яма з вадой на сухім месцы (Палессе Талст., Стол.).

3. Яма на лузе, якую выкручвае вада вясной (Рэч.).

4. Месца ў рацэ, дзе падмываецца бераг (Жытк.).

5. Месца ў рацэ або возеры, дзе часта топяцца людзі; усякае небяспечнае і невядомае месца (Лёзн., Нас., Слаўг.).

6. Быстры ручай; быстрыня ракі (Віц. Шэйн БП., Нас.).

ур. Васькаўскі Вір (луг) каля в. Рудня Слаўг.

віро́к

1. Глыбокае месца на рэчцы (Слаўг., Стол.). Тое ж вірэц, вірцэ (Стол.).

2. Адкрытае месца сярод дрыгвы (Стол.).

3. Глыбокае малое азярцо на грудку, на полі, круглая яма з травой на прырэчнай сенажаці (Стол.). Тое ж ві́рак (Стол.).

ві́спа Нізкі, пакаты пясчаны бераг (Цэнтр. Палессе Талст.).

ві́тка

1. Мяжа на лузе, на пасеве з уторкнутымі жэрдкамі (Слаўг.).

2. Межавы знак, галіна з заламаным верхам або шосцік з пучком сена на самым версе; дарожны і водны арыенцір (Слаўг.). Тое ж ме́та, грані́ца, знак (Слаўг.).

3. Луг, дзе нельга пасвіць жывёлу пакуль не будзе скошан травастой (Слаўг.).

ур. Віткі́ (поле) каля в. Гайшын Слаўг.