Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

сіпу́га Глеба з прымессю глею (Дзярж.).

сірасі́к Шэры пясок паўз балота, каля вады (Палессе Талст.).

сіта́

1. Сярэднеазёрная водмель, якая прыгодна для рыбалоўства і зарасла чаротам Phragmites communis Trin., сітняком Scirpus lacustrus L. (Віц. Нік. 1895). Тое ж трыста́ (Віц. Нік. 1895).

2. Зараснік сітняку Scirpus lacustrus L (Кузн. Касп., Міёр., Смален. Дабр.). Тое ж сіт, сі́тнік (Выс. Касп., Лёзн., Маг. губ. вед., 1854, № 48, 865, Сал., Слаўг., Стол.), жа́бічы сі́тнік (Стол.), сітнічок (Уш.), сітня́к (Рэч.).

3. Зараснік чароту Phragmites communis Trin. (Віц.). Тое ж сі́тнік (Стол.).

□ в. Сіцяне́ц Староб., р. Сі́ціца каля в. Зімніца Слаўг. і р. Сыціца (1783) каля в. Зімніца Слаўг., в. Сі́тніца Лун., в. Малая Сітна Пол., ур. Сі́тнікі (лог) каля в. Чарнякоўка Слаўг.

скала́

1. Гравійны ўзгорак; гравійная глеба (Нясв., Слаўг.). Тое ж сколка (Слаўг.).

2. Камяністая глеба (Зах. Бел. Др.-Падб.).

3. Цвёрды грунт; гліністая глеба (Азяр. Касп., Барыс., Крыч., Навагр., Паст.).

4. Вапняк (Кузн. Касп.).

5. Вялізны камень, агромністы валун (Смален. Дабр., Уш.).

6. Буры балотны жалязняк, якім выкладаюць сцены скляпоў, ям у зямлі (Ветк.).

7. Стромы гліністы бераг ракі, бок калодзежнай ямы (Смал.).

8. Цвёрды, скалісты бераг (Навагр., Смарг.).

9. Круты абрыў на Дняпры ў выглядзе навіслага пласта торфу (Бых.).

10. Балотная руда ў выглядзе тонкага пласта жалезнай сіні ў рэчышчы Дняпра супраць г. Ст. Быхава (Расія, т. 9, стар. 18).

11. Празрысты, лёгкі мінерал, т. зв. «чортаў палец» (Жытк.).

□ ур. Скала (залежы фасфарытаў) каля в. Стапкі Мсцісл. («Савецкая краіна», 1932, лістапад, №11 (25), 14), гравійныя ўзгоркі ў в. Шаламы Слаўг.: Кірэева Гара́ або скала́, Гаўры́льчыкава Скала, Мішачкава Скала, Кукалёўка.

ска́лка Цвёрды камень, крэмень, які ідзе на выраб млынавых камянёў, а раней скарыстоўваўся для здабывання агню; залежы крэменю (БРС). Тое ж скалі́ца (Віц.).

скапе́ц

1. Каморніцкі межавы насып (Глуск. Янк. I).

2. Куча бульбы круглай формы, накрытая саломай і абсыпаная зямлёй (Глуск. Янк. I, Ст.-дар.).

3. Невялікі земляны насып (Глуск. Янк. I).

скарада́

1. Азімыя ўсходы, асенняя рунь (Бабр. Маз. Слуцк. ДАБМ, к. 268, Пар.). Тое ж рунь (БРС).

2. Вясеннія ўсходы яравых (Хойн.).

□ в. Скарада Віл., в. Скароднае Ельск.

скарадзьба́ Пабаранаванае поле (Мсцісл. Юрч., Слаўг.). Тое ж скароджанне, скародзьбінне, скараджэнне (Слаўг.).

скасаго́р Пакаты бок гары (Слаўг.). Тое ж скасагорыца (Слаўг.).

скасіна́ Схіл гары (Слаўг.). Тое ж скат (Клім. Бяльк., Нясв., Слаўг., Уш., Шчуч.), склон (Нясв., Уш., Шчуч.), наўскасіна́ (Слаўг.).