Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

падгаро́ддзе Сенажаць, якая знаходзіцца ніжэй агародаў і вясной заліваецца вадой (Слаўг.). Тое ж подгараддзе, падгародзішча (Слаўг.).

□ ур. Падгароддзе (сенажаць каля агародаў) у в. Папоўка Слаўг., ур. Падгароддзе (1764) за Сажом, каля аколіцы Малашкаві́чы (ІЮМ, вып. 18, стар. 157, 158).

падгаро́дзіца Прыгарадная вёска (Кузн. Касп.). Тое ж подгараддзеўе (Слаўг.).

падго́р'е Месца каля падэшвы гары (Слаўг.). Тое ж падгараўё, падгорнічча (Слаўг.), падгу́р'е (Брэсц.).

□ ф-к Падгур'е (1912) каля в. Усохі Слаўг.

падгра́ддзе Месца на лузе, якое прылягае да грады (Палессе Талст.).

падгру́дак Падэшва грудка (Маладз.).

падгу́мні́шча Месца каля гумна або дзе стаяла гумно (Слаўг.). Тое ж падгу́ме́нне, падгу́мні́чча (Слаўг.).

падгу́сце Месца каля вусця ракі (Жытк.).

□ ур. Нападгу́сце (сенажаць) каля в. Беражцы Жытк.

паддубро́ва Месца ўздоўж лесу (Нясв.).

□ ур. Паддуброва (лес, кусты, поле каля лесу) недалёка ад в. Юшкі Шчуч.

падду́б'е Месца каля дуба або пад дубам (Слаўг.). Тое ж падду́ббе, падду́бенне, падду́бічча, падду́бні́чча, паддубкі́, паддубе́нства, паддубы́ (Слаўг.).

□ ур. Паддубы́ (поле), Паддубкі́ (поле, сенажаць), Падду́б'е (балота) каля в. Кулікоўка Слаўг., Падду́бічча (поле) каля в. Папоўка Слаўг.

падду́лле Месца пад каронай садовай грушы Pirus communis L. (Слаўг.).