Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прыго́рак Высокае месца, узгорак; узгорачак (БРС). Тое ж прыгарак. (М. Танк. Янук Сяліба, 1957, 12), прыгорачак (Навагр.).

пры́грызь Паша, дзе жывёлай з'едзена ўся трава (Слаўг.).

прыгуме́нне

1. Абгароджанае месца каля гумна, дзе ставяць торпы немалочанага збожжа (БРС).

2. Месца каля гумна (Глуск. Янк. II, Краснап. Бяльк., Мін., Сміл., Шат., Ст.-дар.).

3. Задворак; загуменне (Слаўг.).

4. Абгароджанае месца перад гумном, дзе сушаць снапы на сонцы (Жытк., Стол.). Тое ж прыгуме́нак (Жытк.), прыгумнік (Бых. Рам. 1912, 20).

прыд Нізкае мокрае месца (Лёзн.).

ур. Прыдзі́на (поле) каля в. За́гараднае Лёзн.

прыда́так Дадатковы ўчастак поля да сядзібы або палоскі; кароткая палоска (Рэч., Стаўбц.).

ур. Прыда́ткі Пе́ршыя Стаўбц. (Прышч.).

прыдзве́ранне Месца каля дзвярэй хаты (Слаўг.). Тое ж прыдзве́рнічча (Слаўг.).

прыдо́ба Багатыя, выгодныя прыродныя ўмовы (Глуск. Янк. I, Слаўг.). Тое ж прыўдобіца, прыўдоба, прыўдобіе, пры́даб, пры́даба (Слаўг.).

прыду́ха Гразкае месца, дзе не замярзае вада зімой (Рэч.).

прыза́гарадак Загароджанае месца для жывёлы ці птушак на двары (Сал.).

прызагру́дак Месца ў полі або ў лесе, дзе стаіць летам жывёла ў час гарачыні (Жытк.).