Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пруд

1. Плаціна на рэчцы і млын пры ёй; штучнае возера, ставок (Барыс., Віц. Касп., Грыг. 1838—1840, Лёзн., Нас., Нас. АУ, Маз., Маладз., Стаўбц., Тал. Мядзв., Шчуч.); сажалка (Крыч.).

2. Вятрак (Мсцісл. Бяльк.).

3. Курган, высокае месца, якое агібаецца ракой (Слаўг.).

в. Стары Пруд Чэрв., в. Пруды Стаўбц., в. Прудок Слаўг., в. Прудок Косельскі Карм., ур. Гарадзе́цкі Пруд (курган, які агібае р. Крупка) каля в. Закрупец Слаўг.

прудзі́шча Месца, дзе быў ставок з млынам (Паст., Слаўг.). Тое ж пру́дзішча (Нас. АУ).

в. Прудзішчы Смал.

прут

1. Стар. Пазямельная мера — 1/300 частка морга (Дэмб. т. 1, 171), пяць сажняў з доляй (Нас. АУ, 394 б).

2. Малады парастак; садовы саджанец (Слаўг.).

прыазе́р'е Абшар, які прылягае да возера (Міёр., Слаўг.).

пры́балацце

1. Балота, якое парасло бярозай і альхой (Зах. Палессе Талст.).

2. Месца ўздоўж балота (Слаўг.).

пры́бар

1. Месца або паселішча, якое знаходзіцца каля абалоні ракі (Бых., Слаўг.).

2. Месца каля бору (Слаўг.).

в. Прыбар Бых.

пры́беражань Лёд каля берага ракі (Ваўк. Сцяшк.).

пры́беражжа Узбярэжжа (Слаўг.).

прыбо́рак Гаёк, які прымыкае да лесу (Смален. Дабр.).

прыбо́рачак Махавое месца, якое прымыкае да хваёвага лесу, бору (Смален. Дабр.).