Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

прага́л

1. Адкрытая прастора, сенажатная паляна ў лесе, паміж кустамі, на балоце (БРС). Тое ж прага́ліна, прага́лка (БРС), прага́лачак (Стол.).

2. Пралёт, водступ, пакінуты паміж хатамі, узгоркамі, лясамі (БРС).

3. Адна вялікая праталіна (Слаўг.). Тое ж прага́лка (Слаўг., Стол.).

праго́н

1. Абгароджаная або неабгароджаная дарога, па якой гоняць жывёлу на пашу, вадапой (БРС).

2. Дарога да былога панскага двара (Нясв.); праезд ад хаты да вуліцы (Слаўг.).

3. Часовая паша для жывёлы (Слаўг.).

4. Адлегласць паміж двума парамі калоў у прасле (Слаўг.).

□ ур. Ля прагона (поле, луг) каля в. Малева Нясв.

прагуля́нка Быўшы панскі пляж ці месца адпачынку (у многіх месцах Беларусі).

□ ур. Прагулянка каля в. Кулікоўка Слаўг.

прагуме́нне Чыстая плошча перад гумном, дзе прасушваюць снапы, збожжа, сена (Мін. Шэйн, 506). Тое ж прыгуменне (Я. Колас, т. 4, 1952, 12).

прадо́нне Вельмі глыбокая яма, вір; бездань (Мсцісл. Юрч., Нас., Слаўг.).

праду́ха Палонка ў лёдзе на рацэ, возеры, у якую выходзіць рыба (Слаўг.).

праду́хліна Незамярзаючае месца ў балоце (Лёзн. Касп.).

праём Прамытае месца на гаці, дарозе; вырваная вадой частка дамбы (Слаўг.).

пражо́ра Прыроднае ці выкапанае на балоцістай амшары вадасховішчнае паглыбленне, прадаўгаватае азярцо (Віц. Нік. 1895). Тое ж прожар, пражор (Слаўг.).

пражы́ліна Крынічнае прадаўгаватае месца (Слаўг.).