Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

перахо́д

1. Месца, зручнае для пераходу, цераз раку, з аднаго лесу ў другі (БРС).

2. Частка шляху, якую можна прайсці, не адпачываючы (БРС).

□ ур. Пераходы (вузкая палоска зямлі паміж узгоркамі) каля в. Чарсвяны Уш., в. Пераходцы Леп.

перашы́ек

1. Вузкая паласа зямлі паміж балотамі, азёрамі, лясамі, узгоркамі (БРС). Тое ж перашэ́ек, перашы́ена (Слаўг.).

2. Праліў паміж азёрным востравам і берагавой сушай (Слаўг.).

□ вул. Перашыек або Карэльскі Перашыек (1939—1940) у в. Шаламы Слаўг.

перея Ст.-бел. (да XVII ст.). Старана вуліцы (Бел., 472).

першына́ Навіна; поле, якое ўзаралі ўпершыню (Вор.).

пескава́тка Месца на лузе з пясчаным намывам (Слаўг.).

□ ур. Пескава́тка (заліўны луг на пр. б. р. Проні) каля в. Улукі Слаўг., якое падзяляецца на Ма́лая Пескаватка, Вялікая Пескаватка, Блізкая Пескаватка і Дальняя Пескаватка; вул. Пескавацкая (1803) у Віцебску.

пескава́цік Месца з пясчаным грунтам, з пясчаным наносам, звычайна каля крыніцы (Віц.).

□ крыніца Пескавацік Віц. (Рам. Мат.).

песчуга́

1. Вялікі пясок; мясцовасць багатая незамацаванымі пяскамі (Жытк. Слаўг.). Тое ж пешчура́ (Ваўк. Сцяшк.), пяшчу́га, пешчуга́, пяшчуга́н, пешчані́ца, пешчына́, пешчаўня́, пешчачок, пяшчу́жышча, пешчу́рня, (Слаўг.), пешчуга́ (Стол.).

2. Пясчаная, неўрадлівая зямля (Слаўг.).

печкуры́ Стромы схіл берага, у якім гняздзіцца калонія берагавых ластавак (печкуроў, або гранкоў) Riparia riparia L. (Віц.).

□ ур. Печкуры (схіл гары) каля в. Чарсвяны Уш.

пе́чышча

1. Месца, дзе стаяла варыстая ці прамысловая печ для выганкі дзёгцю (БРС); месца, дзе будзе класціся варыстая печ; вялікая печ (Слаўг.).

2. Месца для жылля; сялянскі двор (АЛМ, 1, 601).

□ ур. Печышча (лес) каля в. Пасека Ст.-дар., ур. Аўла́савы Печышчы (лес) каля в. Кашалеў Слаўг., в. Печышча Глыб., Кобр., Светл.

пік

1. Вяршыня гары, узгорка (БРС); неабароненае ад вятроў месца (Слаўг.).

2. Тупік; узвышаны куток паміж возерам і канавай (Слаўг.).

3. Пікта, вар, вадкая густая смала; дзёгаць, гудрон (Слаўг.).

□ ур. Пік ці Гаўры́льчыкаў Пік (куток логу паміж возерам і канавай) каля в. Шаламы Слаўг.