Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ра́ля Тоўсты сук, адгалінаванне, два ствалы з аднаго кораня (Жытк.). Тое ж ра́ла (БРС).

раме́ннік Зараснік бабоўніку Menyanthes trifoliata L. (Жытк.).

рамень Вялікі балотны лес (вв. Сялецкая і Ушакі Крыч. Меер, 1786, 121, 122, «Наш край», 1926, № 8— 9 (11—12), 19). Параўн.: рамение ’лес па краю раллі’ (Сразн. III, 65).

рамя́ Рукаў ракі (Капацэвічы Маз.).

ра́нда Шынок (Маг. губ. вед., 1854, № 48, 865).

раса́днік

1. Абгароджанае месца, дзе сеюць расаду, вырошчваюць насенне з высадкаў (БРС). Тое ж пылыса́днік, параса́днік (Слаўг.).

2. Гадавальнік для вырошчвання садовых і дэкаратыўных дрэўцаў (Слаўг.).

раско́п Паглыблены і расшыраны вадаём; расшыраная частка канавы, дзе мыюць бялізну, пояць жывёлу, мочаць каноплі; паглыбленне, кар'ер, глінішча (Слаўг.). Тое ж раскоп'е, раскопінне, раскопішча, раскапані́чча (Слаўг.).

ур. Раскоп'е каля в. Урэчча Слаўг.

раско́с

1. Луг з купінамі і пнямі (Сен. Касп.).

2. Двайны пакос (Хоц. Бяльк.).

раскрэ́ст Перакрыжаванне дарог (Стол.). Тое ж растані́ (Слаўг.), раскрэсы (Ветк.), растаня́ (Рэч.), растанцы́ (Глуск. Янк. II, Пар.).

распа́шка Упершыню ўзаранае поле (Стол.). Тое ж распахата́ (Слаўг.).