Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

раздаро́жжа Месца, дзе сыходзяцца, скрыжоўваюцца вуліцы, дарогі (БРС).

раздо́р Поле або сенажаць на месцы выкарчаванага лесу (Стаўбц. Прышч.).

ур. Раздор (сенажаць) Стаўбц.

разло́г

1. Раздолле, прастор, шыр, даль (БРС). Тое ж раскоша (БРС).

2. Сухадол, роў, яр, шырокая нізіна (Вілен.).

3. Рыхлая, мяккая глеба (Гарад. Касп.).

размы́ў Месца, размытае вадой (Бых., Маг., Слаўг., Чав.).

разо́к Невялікі ўчастак сенажаці, поля; рэз (Сміл. Шат.).

разо́ра

1. Канаўка, жалабок паміж барознамі бульбы, буракоў, які атрымліваецца пры акучванні (БРС). Тое ж разорына (БРС).

2. Глыбокая і шырокая баразна, равочак паміж загонамі пры ворыве ўроскідку або каля мяжы пры ворыве ўсклад (Беш. Касп., Браг., Дубр., Жытк., Кобр., Маз., Рэч., Сал., Слуцк. Сержп. Грам., Стол., Шчуч.). Тое ж разорына (Дубр., Нас.), разор (Лёзн., Смален. Дабр.), разорва (Зах. Бел. Др.-Падб.).

рай Месца з вельмі прыгожым краявідам і ўрадлівай зямлёй (Слаўг.).

в. Рай Мсцісл., в. Раіны Азяр., в. Райск Бельскага пав. у ПНР.

рака́ Пастаянны водны паток значных памераў з прыродным цячэннем па рэчышчу ад вытока ўніз да вусця (БРС). Тое ж рэка (Арш., Вілен. Карскі, вып. 3, 1900, 91, Жытк., «Наша Ніва», 1913, № 20, 1, Рэч., Сал., паўднёвы захад Слаўг., Ст.-дар., Стаўбц., Стол., Шчуч.).

ракі́тнік Зараснік ніцай лазы Salix rosmarinifolia L., якая расце на пясчаных берагах рэк (БРС) або вербалозу Salix pentandra L. (БРС).

ур. Ракі́тнікі (луг) каля в. Гіжэнка Слаўг.

ралля́

1. Узаранае поле (БРС). Тое ж ралле́ (Мсцісл. Бяльк.), раллё (Віц. Шэйн БП., 783, Крыч., Слаўг.), ральба́, ра́ліва, раццё (Слаўг.), ралья (Воран., Жытк., Кап., Навагр., Нясв., Рэч., Сал., Стол., Шчуч.), раля́ (Зэльв., Рэч., Хойн.), роля (Ваўк. Сцяшк., Нас., Пін. Булг., 198), ролья (Пін. Булг., 198), роль (Нас. АУ, Я. Колас. Паэмы, 1946, 281).

2. Пар, зямля, якую не аралі на працягу года (Бых.).