Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

по́лысь Гладкая, роўная паверхня вады (Слаўг.). Тое ж пролысь (Слаўг.).

поль Ст.-бел. Поле, зямля; палі (Нас. АУ).

□ в. Краснаполь Краснап. (1750 ЦДГА БССР, ф. 694, воп. 4, інв. 1556, л. 227), в. Аполь Іван., ф-к Антопаль Слаўг. (К. XIX ст.).

по́мут Мутнасць, мутная вада (Нас.).

по́пар

1. Зараснік пырніку Agropyrum repens P. В. (Стол.).

2. Поле, узаранае вясной пад жыта (Глуск. Янк. I, Рэч.); узараная зямля, якая зарасла травой (Рэч.).

по́плаў

1. Заліўны луг; наогул сенажаць (БРС). Тое ж поплава (Ст.-дар.).

2. Раслінны пласт на паверхні вады ў стаячым вадаёме; зарослае месца на возеры (Люб., Слаўг.).

3. Палявая паша, палявая трава (Рэч.).

4. Шырокае месца на рацэ (Касц. Бяльк.).

5. Смецце, мох, голле, дровы, якія выносяцца вадой на бераг ракі ў час разводдзя (Бых., Ветк., поўнач Маг., Пол. Талст.).

6. Вялікая сетка для лоўлі рыбы зімой (Стол.).

□ в. Паплавы́ Бярэз., ур. Поплава (луг) Ельск., ур. Поплаў (нізкі лог) каля в. Урэчча Слаўг., р. Паплавы́ (1910) каля в. Ржаўка Слаўг.

по́плісак

1. Месца, куды са страхі капае вада; капеж (Жытк.); кроплі дажджу, якія капаюць са страхі (Жытк.).

2. Кароткачасовы рэдкі дождж (Жытк.).

по́стаць

1. Участак збажыны, які займае жняя (БРС). Тое ж кусок, плаха (Слаўг.).

2. Частка паласы ў даўжыню (Беш. Касп.).

3. Месца ў полі, дзе стаяць снапы (Ваўк. Сцяшк.).

по́ўдзень Частка свету, супрацьлеглая поўначы (БРС).

по́ўрэй Вырай; поўдзень, цёплыя краіны, куды ляцяць птушкі зімаваць (Стол.).

по́цек

1. Паглыбленне, жалабок раўка, сярэдзіна сухога рэчышча, дзе ў час дажджу ці вясной цячэ вада (Слаўг.).

2. Паніжанае месца на адложыстым схіле ўзгорка, дзе звычайна збягае вада (Слаўг.).