Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пагарэ́лішча Месца, дзе быў пажар (Гродз., Нясв., Слаўг., Шчуч.). Тое ж пагарэлле (Зах. Бел. Др.-Падб.), пагары́лле, пагары́лішча (Палессе Талст.).

пагарэ́ц Дрыгва, нізкае, гразкае месца (Усх. Палессе Талст.).

пагля́д Адкрытае месца; добрая бачнасць; далягляд, гарызонт (Слаўг.).

пагно́й

1. Урадлівая, угноеная зямля (Зах. Бел. Др.-Падб., Слаўг.). Тое ж пагнойкі (Нас.), пагноі (Нас., Слаўг.), пагноінне (Гар., Слаўг.), пагноішча (Нас., Рэч., Слаўг.).

2. Месца, дзе ляжаў бурт гною; памыйная яма (Слаўг.). Тое ж пагноішча (Слаўг., Смален. Дабр., Хоц., Чэр.).

паго́н

1. Месца прагону жывёлы на пашу (Глуск. Янк. I, Сал., Слаўг.).

2. Абгароджанае або неабгароджанае месца для адпачынку жывёлы ў полі або ў лесе (Жалуд., Маст.).

3. Штабель дроў ці будаўнічых матэрыялаў у лесе (Слаўг.).

4. След, сцежка, пратаптаная жывёлай у лесе, на лузе, на полі (Рэч., Слаўг., Ст.-дар.).

паго́ня

1. Вузкая лагчына, месца сцёку веснавой ці дажджавой вады (Палессе Талст.).

2. Месца прагону жывёлы на пашу (Слаўг.).

ур. Пагоня (месца, якое заліваецца вадой) каля в. Кароцічы Стол.

паго́рак Невысокае ўзвышша, палогі ўзрогак (БРС). Тое ж пагорка (Слаўг.).

паго́ст

1. Сяло, у якім ёсць царква (Смален. Дабр.).

2. Могілкі (без царквы); могільнік каля царквы; цвінтар (Смален. Дабр., Стол.). Тое ж пагосце (Нас. АУ).

в. Пагост Брэсц., Віц. (Лемц. Айк.).

паграбі́шча Месца, дзе быў пограб (Жытк., Рэч., Слаўг.).

ур. Паграбішча (луг) каля в. Заспа Рэч.

паграбы́ Месца, дзе закопваюць здохлую жывёлу (Сал.).