Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

папо́ўка Зямля, угоддзі, якія належалі царкве, папу і прычту (Слаўг.).

ур. Папоўка (сенажаць) каля в. Любаны Слаўг., р. Папоўка каля в. Целяшы Слаўг., в. Папоўка Слаўг.

папялі́шча Месца, дзе згарэў дом, двор (БРС); вогнішча (Бых., Смарг.). Тое ж папялі́ска (Нас. АУ), папяле́нне, попелішча (Жытк.), папалі́шча (Смарг.), попелішча (БРС), попілышча (Навагр.).

папяро́чка Папярочны ўчастак поля, палоска, папярочная баразна, наогул папярочнае ворыва, якім закругляюць доўгі загон (Слаўг., Стаўбц. Прышч.); папярочная дарожка (Стаўбц.. Прышч.). Тое ж папярэчка (Слаўг., Стаўбц. Прышч.), пяра́к (Пух. Шат.).

пар

1. Зямля пасля ўборкі пасеваў, якая служыць пашай для жывёлы (Мін. Зял. 1864).

2. Зябліва, асенняе ворыва (Рэч.).

па́раніна

1. Папар; адпачываючае адзін год поле, на якім сеюць азімыя (Жытк., Касц. Бяльк., Лёзн., Маз., Нас., Слаўг., Стол.). Тое ж па́рына (Мсцісл., Слаўг.), пар (паўсям.), па́рініна (Касц. Бяльк., Слаўг.).

2. Пакінуты папар пад пашу; аблога (Крыч., Слаўг.); часовы папас на папары (Лёзн., Слаўг., Тал. Мядзв.).

параса́днік Кветнік, гародчык для расады і высадкаў (Слаўг.). Тое ж піліса́днік (Слаўг.).

парасля́ Бор; чысты радкаваты сасновы лес, у якім мох і дзе-нідзе рэдкія травінкі або верасок расце (Нар.). Тое ж парасле́ (Нар., Палессе Талст.), паросль (Жытк.).

па́раснік Зараснік; малады лясок; драбналессе (БРС). Тое ж парасля́ (Сал., Стол.), пароснік (Лёзн.), па́руснічак (Калінк.), парасе́лькі (Маз., Талст.), па́расць (Мсцісл. Юрч.), порасць, па́рась, порась (Слаўг.), паросцень (Краснап. Бяльк.), порасля (Стол.).

парахрэ́ст Месца, дзе перакрыжоўваюцца дарогі (Рэч.).

парня́ Месца, будынак, дзе параць і гнуць абады, дугі, палазы (Краснап. Бяльк., Слаўг.).

ур. Парня (луг) каля в. Крамянка Слаўг.