АЭРА...
(ад грэч. aer паветра),
першая састаўная частка складаных слоў, якая па значэнні адпавядае словам «авіяцыйны», «паветраны», напрыклад, аэрадром, аэрадынаміка.
т. 2, с. 171
АЭРАБІЁНТЫ
[ад аэра... + біёнт(ы)],
сукупнасць арганізмаў, якія ўвесь час жывуць і размнажаюцца на паверхні сушы ва ўмовах атм. Асяроддзя.
т. 2, с. 171
АЭРАВАКЗА́Л,
комплекс збудаванняў у складзе аэрапорта для абслугоўвання пасажыраў і правядзення багажных аперацый. Адрозніваюць аэравакзалы па відах зносін (міжнар. і ўнутр. ліній), а таксама па прапускной здольнасці (ад 50—400 да 2500 пасажыраў за гадзіну). Аэравакзал уключае: прывакзальную плошчу, перон са стаянкамі самалётаў, гасцініцу і інш. У вял. гарадах з мэтай разгрузкі будуюць гарадскія аэравакзалы, якія звязаны з аэрапортам грамадскім або службовым транспартам. На Беларусі аэравакзалы ёсць ва ўсіх абл. цэнтрах. Самы вялікі — у міжнар. аэрапорце «Мінск-2».
т. 2, с. 171
АЭРАГЕАФІЗІ́ЧНАЯ РАЗВЕ́ДКА,
аэрагеафізічная здымка, сукупнасць метадаў вымярэння натуральных ці штучных фіз. палёў Зямлі апаратурай, устаноўленай на лятальных апаратах. Уключае аэрагамаздымку, аэрамагнітную здымку, аэраэлектраразведку і інш. Выкарыстоўваецца пры пошуках карысных выкапняў (нафты, газу, рудаў металаў, радыеактыўных рудаў), для тэктанічнага раянавання і геал. картаграфавання. Інтэнсіўнасць фіз. палёў, асабліва рудных целаў, затухае пры аддаленні ад зямной паверхні, таму аэрагеафізічная разведка найчасцей выконваецца з невял. вышыні (да 300 м) у маштабе 1:10 000 — 1:200 000. Ад наземных метадаў разведкі адрозніваецца аператыўнасцю і магчымасцю праводзіць яе ў цяжкадаступных раёнах.
т. 2, с. 171
АЭРАДРО́М
(ад аэра... + грэч. dromos месца для бегу, бег),
тэрыторыя з паветранай прасторай, комплексам збудаванняў і абсталявання, якія прызначаны для ўзлёту, пасадкі, размяшчэння і абслугоўвання самалётаў, верталётаў і планёраў. Асн. элементы аэрадрома: лётная зона, лётнае поле, лётная паласа, канцавыя і бакавыя палосы бяспекі, паветр. падыходы, рулёжныя дарожкі, навігацыйнае абсталяванне (радыёмаякі, радыёлакацыйныя станцыі і інш.), святлосігнальныя сістэмы і інш.
Бываюць аэрадромы грамадзянскія, ваенныя і сумеснага базіравання, трасавыя — для эксплуатацыі самалётаў і верталётаў, якія перавозяць па авіялініях пасажыраў, грузы, пошту (да іх належаць усе аэрадромы аэрапортаў) і спец. прызначэння (напр., с.-г., лясной і санітарнай авіяцыі), заводскія, вучэбныя, клубна-спартыўныя. Адрозніваюць аэрадромы з адной або некалькімі ўзлётна-пасадачнымі палосамі (УПП) са штучным пакрыццём і аэрадромы з грунтавымі УПП. У залежнасці ад памераў УПП і трываласці штучных пакрыццяў грамадзянскія аэрадромы падзяляюцца на класы. Ваен. аэрадромы паводле прызначэння бываюць вайсковыя (флоцкія), вучэбныя і спецыяльныя (для выпрабавання лятальных апаратаў і інш. мэтаў); паводле характару выкарыстання — асноўныя, запасныя, несапраўдныя (для падману праціўніка) і аэрадромы манеўра. Паводле геагр. (прыродных) умоў адрозніваюць аэрадромы палярныя, пустынныя (тундравыя), горныя, водныя (гідрааэрадромы), лядовыя; па ступені абсталявання — пастаянныя і палявыя (часовыя). У залежнасці ад даўжыні і шырыні УПП і трываласці пакрыцця, абсталявання сродкамі тэхн. забеспячэння палётаў ваен. аэрадромы падзяляюцца на пазакласныя, 1, 2, 3, 4-га класаў і пасадачныя пляцоўкі. Пры вял. грамадзянскіх аэрадромах узводзяцца аэрапарты.
т. 2, с. 171
АЭРАДЫНА́МІКА
(ад аэра... + дынаміка),
раздзел аэрамеханікі, у якім вывучаюцца законы руху газападобнага асяроддзя і яго ўзаемадзеяння з цвёрдымі целамі; тэарэт. аснова авіяцыі, ракетнай тэхнікі, метэаралогіі, турбабудавання і інш. Разглядае рух целаў з дагукавымі скорасцямі (да 1200 км/гадз); рух целаў са скорасцю, большай за скорасць гуку, вывучае газавая дынаміка. Аэрадынаміка ўзнікла ў 20 ст. ў сувязі з развіццём авіяцыі. Тэарэтычнае рашэнне задач аэрадынамікі заснавана на ўраўненнях гідрааэрамеханікі. Пры вырашэнні найбольш простых пытанняў (размеркаванне ціску і скорасцяў вакол абцякальнага цела і інш.) выкарыстоўваецца набліжэнне ідэальнай вадкасці, несціскальнай пры малых і сціскальнай пры вял. скорасцях. Наяўнасць вязкасці ў рэальных вадкасцях прыводзіць да ўзнікнення супраціўлення і ўлічваецца пры вывучэнні цеплаабмену целаў з патокам газу.
Спец. прыкладныя часткі аэрадынамікі: аэрадынаміка самалёта (вывучае рух самалётаў цалкам), знешняя балістыка (даследуе палёт снарадаў), аэрадынаміка турбамашын і рэактыўных рухавікоў, прамысловая аэрадынаміка (разлік паветранадзімальных установак, ветравых рухавікоў, струменных апаратаў, вентыляцыйнай тэхнікі, аэрадынамічных сіл, якія ўзнікаюць пры руху аўтамабіляў, цягнікоў і інш.). Эксперыментальная аэрадынаміка з дапамогай аэрадынамічных трубаў вызначае лікавыя каэфіцыенты сіл і момантаў, што дзейнічаюць на цела з боку газавага патоку. У аэрадынаміцы шырока выкарыстоўваецца матэм. мадэляванне з дапамогай ЭВМ.
Літ.:
Струминский В.В. Аэродинамика и молекулярная газовая динамика. М., 1985;
ЭВМ в аэродинамике: Пер. с англ. М., 1985;
Киреев В.И., Войновский А.С. Численное моделирование газодинамических течений. М., 1991.
Ю.В.Хадыка.
т. 2, с. 172
АЭРАДЫНАМІ́ЧНАЯ СІ́ЛА,
сіла, з якой газападобнае асяроддзе (напр., паветра) дзейнічае на паверхню цвёрдага цела, што рухаецца ў гэтым асяроддзі. Адрозніваюць тры кампаненты аэрадынамічнай сілы — сіла аэрадынамічнага (лабавога) супраціўлення, накіраваная супраць скорасці цела , — пад’ёмная сіла, — бакавая сіла, перпендыкулярная да дзвюх першых. Вызначэнне аэрадынамічнай сілы для целаў рознай формы і розных рэжымаў палёту — адна з асн. задач аэрадынамікі.
т. 2, с. 172
АЭРАДЫНАМІ́ЧНАЯ ТРУБА́,
устаноўка, у якой ствараецца паток паветра або іншага газу для эксперым. вывучэння з’яў, што ўзнікаюць пры абцяканні газам цвёрдых целаў (лятальных апаратаў, іх частак і інш.). Адну з першых аэрадынамічных труб сканструяваў К.Э.Цыялкоўскі (1897).
Аэрадынамічная труба мае: сапло, праз якое праходзіць паветра; кіравальныя лапаткі, што надаюць паветр. патоку патрэбны напрамак; рабочую частку, дзе знаходзяцца доследны аб’ект і датчыкі фіз. велічыняў для вымярэння; вентылятар або кампрэсар, якія ўтвараюць паток газу; дыфузар для выдалення газу. У аэрадынамічнай трубе вывучаюць мадэлі або рэальныя аб’екты, вымяраюць сілы, што дзейнічаюць пры палёце самалётаў, ракет, пры руху цягнікоў і інш. трансп. сродкаў; праводзяць даследаванні і вызначаюць аптымальную форму гэтых аб’ектаў.
т. 2, с. 172
АЭРАДЫНАМІ́ЧНЫ НАГРЭ́Ў,
павышэнне тэмпературы цела, якое рухаецца з вял. скорасцю ў паветры або газе. Узнікненне аэрадынамічнага нагрэву — вынік тармажэння малекул газу паблізу паверхні цела і ўтварэння ўдарнай хвалі. Эрадынамічны нагрэў адбываецца пры ўваходзе касм. апарата ці метэарыта ў атмасферу Зямлі з 1-й касм. скорасцю (8,1 км/с), т-ра можа дасягаць больш за 8000 К, таму паверхня касм. караблёў, ракет і звышгукавых самалётаў мае спец. тэрмічную ахову.
т. 2, с. 172
АЭРАЗДЫ́МКА,
здымка зямной паверхні з лятальных апаратаў. Робіцца ў шырокім дыяпазоне спектра эл.-магн. хваляў з дапамогай розных здымачных сістэм. Бывае фатаграфічная, тэлевізійная, цеплавая, радыёлакацыйная і інш.
т. 2, с. 173