АЭРАВАКЗА́Л,

комплекс збудаванняў у складзе аэрапорта для абслугоўвання пасажыраў і правядзення багажных аперацый. Адрозніваюць аэравакзалы па відах зносін (міжнар. і ўнутр. ліній), а таксама па прапускной здольнасці (ад 50—400 да 2500 пасажыраў за гадзіну). Аэравакзал уключае: прывакзальную плошчу, перон са стаянкамі самалётаў, гасцініцу і інш. У вял. гарадах з мэтай разгрузкі будуюць гарадскія аэравакзалы, якія звязаны з аэрапортам грамадскім або службовым транспартам. На Беларусі аэравакзалы ёсць ва ўсіх абл. цэнтрах. Самы вялікі — у міжнар. аэрапорце «Мінск-2».

т. 2, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)