АЖЫ́НА,
маліна шызая (Rubus caesius), кустовая расліна сям. ружавых. Пашырана ў краінах Еўропы, Амерыкі, Афрыкі, Сярэдняй Азіі; на Беларусі ўсюды, асабліва на Палессі. Расце па берагах рэк, на заліўных лугах, узлесках, у хмызняках, утварае густыя, непраходныя зараснікі. Прыдатная для лесамеліярацыйных работ, замацавання яроў.
Кусты выш. 60—150 см. Надземныя парасткі двухгадовыя, фіялетава-шызыя, звычайна ўкрытыя шыпамі і шчацінкамі. Лісце няпарнаперыстараздзельнае з 3—5 лісцікамі. Кветкі двухполыя, белыя, дыям. да 3 см. Цвіце ў чэрв.—ліп., плады сакавітыя салодкія складаныя касцянкі, чорныя з шызым налётам, выспяваюць у сярэдзіне жніўня. У аматарскім садоўніцтве культывуецца сорт Агавам, найб. прыстасаваны да клімат. умоў Беларусі. З пладоў гатуюць сокі, варэнне, жэле, яны багатыя цукрамі, к-тамі, вітамінамі, карацінамі, танідамі.
т. 1, с. 149
А́ЖЫО
(італьян. aggio),
лаж, перавышэнне рыначнай цаны золата, курсу грашовых знакаў, вэксаляў і інш. каштоўных папер над іх намінальнай вартасцю. Вылічваецца ў працэнтах. Адхіленне курсу ад наміналу ў бок змяншэння наз. дызажыо.
т. 1, с. 149