АЖАРО́ЎСКІ
(Ożarowski, Ожаровский) Адам Пятровіч (1776, Варшава — 5.12.1855),
расійскі ваенны і дзярж. дзеяч, граф. Ген. ад кавалерыі (1826). Сенатар (1826). Удзельнік вызв. паўстання 1794. З 1796 на рус. ваен. службе. Удзельнічаў у кампаніях 1805 і 1807 супраць Францыі. У вайну 1812 камандзір асобнага кав. атрада (6 палкоў) для партыз. дзеянняў на паўд. флангу праціўніка. Удзельнічаў у баях пад Красным (Смаленская вобл.), у заняцці Магілёва, Бярэзінскай аперацыі 1812, у праследаванні французаў у напрамку Валожын—Воранава—Ліда—Ражанка. У замежных паходах рус. арміі (1812—14) узначальваў асобны кав. атрад. З 1814 у бліжэйшым акружэнні імператара Аляксандра І. З 1833 член Дзярж. савета Царства Польскага, з 1841 прысутны ў Варшаўскіх дэпартаментах Сената.
т. 1, с. 148