Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ААЛІ́ТЫ

[ад аа... + літ(ы)],

шара- або эліпсападобныя мінер. ўтварэнні з вуглякіслага кальцыю, вокіслаў і сілікатаў жалеза і марганцу, кальцыту, даламіту і інш. Памер ад 0,05 да 25 мм, канцэнтрычна-шкарлупінападобнай, часам радыяльна-прамяністай і складанай будовы. Ядром аалітаў могуць быць абломкі ракавін, пясчынкі і інш. Утвараюцца ў морах, цёплых крыніцах у выніку калоідна-хім. і біяхім. працэсаў. Трапляюцца ў вапняках і як разнавіднасць жалезных рудаў. На Беларусі ёсць у адкладах кембрыю, ардовіку, дэвону, юры і інш.

Ааліт.

т. 1, с. 7

А́АЛТА (Aalto) Алвар

(3.2.1898, г. Куартане, Фінляндыя — 11.5.1976),

фінскі архітэктар; адзін са стваральнікаў фін. дызайна. Прадстаўнік функцыяналізму і арганічнай архітэктуры, ідэям якіх надаў нац. вытлумачэнне. Працаваў у Фінляндыі, Швецыі, ЗША і інш. Спалучэннем жалезабетону і шкла з традыц. буд. матэрыялам (камень, цэгла, дрэва) дасягаў свабоды і выразнасці аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі будынкаў, узаемасувязі архітэктуры з ландшафтам і гар. асяроддзем (санаторый у Пайміо, 1929—33; палац «Фінляндыя» ў Хельсінкі, 1967—71).

Літ.:

Гозак А.П Алвар Аалто. М., 1976.

А.Аалта. Палац «Фінляндыя» ў Хельсінкі.

т. 1, с. 7

А́АЛТАНЕН (Aaltonen) Вяйнё Валдэмар

(8.3.1894, г. Марціла, Фінляндыя — 30.5.1966),

фінскі скульптар. Ганаровы чл. АМ СССР (з 1958). Працаваў у галіне фігурнай пластыкі («Бягун Паава Нурмі», бронза, 1924, Хельсінкі), псіхал. партрэта («Ян Сібеліус», 1935), манум.-дэкар. скульптуры (помнік пісьменніку А.Ківі ў Хельсінкі, 1934; помнік фінскім перасяленцам у Дэлавэры, ЗША, 1938). За гранітны манумент у г. Лахты «Мір» (1952) узнаг. Залатым медалём Сусв. Савета Міру (1953). Вядомы як жывапісец і тэатр. дэкаратар.

Літ.:

Цагарелли И.Я. Вяйнё Аалтонен. М., 1961.

В.Аалтанен. Манумент «Мір» у г. Лахты.

т. 1, с. 8